Белорусский портал в Казахстане

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня



На галоўную ёлку ў Палац Рэспублікі з удзелам кіраўніка дзяржавы запросяць больш чым 2300 хлопчыкаў і дзяўчынак.

З панядзелка, 16 студзеня, у Беларусі пачнецца самая маштабная зімовая дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Сёлета старт ёй будзе дадзены на Віцебшчыне, а святочныя мерапрыемствы адначасова пачнуцца літаральна ва ўсіх раёнах нашай краіны. 

Другі год у новым фармаце

— Наша традыцыйная акцыя дапамагае прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства, аказаць дапамогу і падтрымку найменш абароненым катэгорыям дзяцей, якія маюць асаблівую патрэбу ў клопаце і ўвазе, — заўважыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч.

Падчас акцыі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя і іншыя арганізацыі, грамадскія аб’яднанні наведаюць больш за 130 устаноў, сярод якіх медыцынскія і адукацыйныя ўстановы, цэнтры карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

З мінулага года старт акцыі праходзіць у новым фармаце, і штогод эстафету адкрыцця будзе падхопліваць новы рэгіён. Летась гэта была Брэсцкая вобласць, сёлета — Віцебшчына. 

Урачыстая цырымонія пройдзе ў казачнай навагодняй атмасферы, хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць сюрпрызы і падарункі. Юных удзельнікаў запрошана, дарэчы, больш за 200. Падчас цырымоніі адкрыцця будзе арганізаваны тэлемост з усімі рэгіёнамі.

На галоўную ёлку

На галоўную ёлку краіны запросяць дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзяцей з іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый, а таксама дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у вучобе і грамадскай рабоце, пераможцаў рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.

Навагодні баль для моладзі з удзелам кіраўніка дзяржавы, які пройдзе ў Палацы Незалежнасці, стане яшчэ адной значнай падзеяй акцыі. На баль запрошаны больш чым 300 юнакоў і дзяўчат: студэнты ВНУ, навучэнцы сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў, а таксама маладыя людзі, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі, пераможцамі конкурсаў і спаборніцтваў.

За перыяд існавання акцыі яе маштабы значна пашырыліся. Штогод далучаецца ўсё больш арганізацый, прадпрыемстваў і грамадзян, якія жадаюць прыняць удзел у віншаванні дзяцей. А ў мерапрыемствах, якія пройдуць у Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці, плануецца ўдзел дэлегацый дзяцей з Расіі, Літвы і Латвіі.

— Акцыя «Нашы дзеці» за час свайго існавання стала сапраўды беларускім брэндам і аналагаў ёй няма. Асаблівасць яе ў тым, што ўсё беларускае грамадства далучаецца да акцыі, а беларусы не застаюцца раўнадушнымі да праблем дзяцей, — рэзюмавала Алена Вайцяховіч.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 12 снежня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/4/76228
Текущая дата: 26.12.2024