Белорусский портал в Казахстане

«Белавія» адкрыла прамы рэйс Мінск — Махачкала



Авіякампанія «Белавія» 26 красавіка адкрыла рэгулярныя рэйсы ў Міжнародны аэрапорт Махачкала з Мінска, паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.

Рэйсы па маршруце Мінск — Махачкала — Мінск будуць выконвацца адзін раз на тыдзень па пятніцах.

Вылет з Мінска запланаваны ў 13.10, прыбыццё ў Махачкалу — у 16.40. Вылет з Махачкалы — у 17.40, прыбыццё ў Мінск — у 21.35. Рэйс будзе ажыццяўляцца на паветраным судне Эмбраер-195 з камфартабельным салонам эканом і бізнес-класа. Час палёту з Мінска ў Махачкалу складзе 3 гадзіны 30 хвілін, у зваротным напрамку — 3 гадзіны 45 хвілін.

Старт новага напрамку «Белавія» па традыцыі ўрачыста адзначылі ў дзвюх лакацыях: Нацыянальным аэрапорце Мінск і Міжнародным аэрапорце Махачкала. У Мінску цырымонію адкрыў ансамбль танца «Каўказ», першаму пасажыру ўручылі падарунак ад ААТ «Белавія», а таксама сертыфікат на трансфер ад партнёра авіякампаніі.

У Махачкале борт з Беларусі сустракалі лезгінкай і воднай аркай.

«Новы рэйс будзе запатрабаваны пасажырамі, — лічыць намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і ЗЭД ААТ «Белавія» Уладзімір Баркун. — Мы прапануем беларусам адкрыць для сябе Дагестан як прывабны турыстычны напрамак. Рэйс Мінск — Махачкала — гэта магчымасць убачыць маляўнічыя горы і Каспійскае мора, пабываць у самабытным, старажытным горадзе Дэрбент і на самым глыбокім у Еўропе Сулакскім каньёне.

Паводле яго слоў, загрузка першага рэйса з Мінска складае больш за 70%, паказчык наступных — яшчэ вышэйшы, што гаворыць аб папулярнасці маршруту ўжо зараз.

«Белавія» анансавала адкрыццё рэйса ў канцы студзеня, за гэты час беларусы паспелі пачытаць, даведацца аб прывабнасці Дагестана. І выбраць гэты напрамак для адпачынку летам і на майскія святы. Некаторыя рэйсы загружаны на 100 працэнтаў», — адзначыў Уладзімір Баркун.

Звязда, 27 красавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/43/73839
Текущая дата: 25.12.2024