Гэта памяць павінна стаць абярэгам нашага народа. Такой думкай пасля ўскладання вянкоў да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" у дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі падзяліўся міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.
22 сакавіка, у дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, у мемарыяльны комплекс, што ўзнік на месцы спаленай карнікамі беларускай вёскі, прыязджаюць беларусы і прадстаўнікі краін блізкага і далёкага замежжа паасобку, сем`ямі, у складзе ведамасных дэлегацый і працоўных калектываў, каб ушанаваць мінутай маўчання памяць бязвінных ахвяр фашысцкага зверства.
Першымі жывыя кветкі да Вечнага агню ўсклала дэлегацыя беларускага абароннага ведамства. "Для нас, для нашага народа вельмі важна, што мы на сваёй зямлі захоўваем такія памятныя месцы, ушаноўваем памяць загінулых. Бо чым далей мы адыходзім ад гэтых трагічных падзей, тым мацней павінна быць наша памяць. Мы павінны маладому пакаленню паказваць, якая трагедыя разгарнулася на нашай зямлі", - сказаў кіраўнік абароннага ведамства.
Віктар Хрэнін падкрэсліў, што асабліва важна памятаць пра ахвяру беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны цяпер, калі ідзе адкрытае перапісванне гісторыі. І перапісаць яе спрабуюць злачынцы, якія ўчынілі страшныя злачынствы. "Яны пераконваюць, што гэтага не было. Не, гэта было. І мы заўсёды будзем памятаць і будзем ім нагадваць, што гэта было, гэта рабілася тут, у цэнтры Еўропы. Гэта памяць павінна стаць абярэгам нашага народа", - дадаў міністр абароны.
У размове з журналістамі Віктар Хрэнін таксама расказаў аб змяненнях, унесеных у шэраг законаў, якія датычацца нацыянальнай бяспекі. "Яны перш за ўсё нацэлены на тое, каб умацаваць нацыянальную бяспеку. Мы зрабілі гэта, паглядзеўшы на трагічныя падзеі на поўдні. Мы перагледзелі сваё заканадаўства і ўбачылі, што яно патрабуе змяненняў, таму што мяняюцца выклікі і пагрозы. Мы павінны быць да гэтага гатовы", - адзначыў міністр.
У 2024 годзе Хатынскай трагедыі споўніўся 81 год. На працягу больш як васьмі дзясяткаў гадоў Беларусь і беларусы памятаюць пра 149 спаленых або расстраляных карнікамі землякоў, у ліку якіх 75 дзяцей, якія не дасягнулі і 16-гадовага ўзросту. Сярод шасцярых выжыўшых у тым пекле, прызнаных у далейшым сведкамі жахлівай па сваёй жорсткасці трагедыі, толькі адзін дарослы - каваль Іосіф Камінскі, вобраз якога, адліты ў бронзе скульптарам Сяргеем Селіханавым, стаў самым вядомым у свеце сімвалам няскоранасці і вечнага праклёну фашызму. За гады нямецка-фашысцкай акупацыі лёс Хатыні падзялілі больш за 200 вёсак, што назаўсёды зніклі з карты Беларусі, таму ў дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі ў мемарыяльным комплексе, які нарадзіўся на месцы вёскі, якая не паўстала з попелу, але жыве ў гісторыі і памяці народа, вянкі да абеліска ўскладаюцца на славу подзвігу кожнага абаронца Радзімы, які аддаў жыццё, але не зламаўся перад ворагам.
22 сакавіка 2024, Лагойскі раён
БЕЛТА
22 сакавіка 2024, Лагойскі раён
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/45/73260
Текущая дата: 16.11.2024