Белорусский портал в Казахстане

Пярцоў расказаў пра замежных удзельнікаў Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу



Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў расказаў аб замежных удзельніках XXХI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

«Стаў ужо традыцыйным пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў «Міжнародны квартал». Ён адкрыецца 15 сакавіка. Магу сказаць, што акрамя Беларусі ў выставе прымае ўдзел 19 дзяржаў. Вялікая экспазіцыя будзе ў цэнтральнага экспанента — Ісламскай Рэспублікі Іран — больш за 500 кніг», — расказаў Уладзімір Пярцоў.

Паводле яго слоў, плануецца шырокі ўдзел прадстаўнікоў КНР. «Вы ведаеце, што шмат школьнікаў і студэнтаў цяпер захапляюцца і вывучаюць на дастаткова сур’ёзным узроўні кітайскую мову. Кітайская дэлегацыя прывязе 1,5 тыс. кніг», — адзначыў міністр.

«Упершыню ў нас прыме ўдзел прадстаўнік Арабскай Рэспублікі Егіпет — пісьменніца, публіцыст і палітычны дзеяч Доха Мустафа Асі. Такога ўзроўню прадстаўнікоў з Егіпта ў нас раней не было. Напэўна, і як пісьменнік, і як цікавы суразмоўца нашым журналістам яна будзе цікавая», — дапоўніў Уладзімір Пярцоў.

XXХI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адбудзецца 14-17 сакавіка ў адміністрацыйным комплексе на пр. Пераможцаў, 14. Традыцыйна на выстаўцы будуць акрэслены асноўныя падзеі, значныя для дзяржавы, грамадства і непасрэдна сферы кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання. У гэтым годзе цэнтральнымі тэмамі стануць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30 гадоў з першых у гісторыі суверэннай Беларусі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Год якасці, аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь у 2024 годзе, юбілеі класікаў беларускай літаратуры.

Звязда, 11 сакавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/49/73040
Текущая дата: 16.11.2024