Белорусский портал в Казахстане

Культурная сталіца Беларусі ў 2025 годзе пераедзе ў Іванава Брэсцкай вобласці



Такое рашэнне прынята на калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

"З 2010 года 15 гарадоў нашай краіны былі ўдастоены гэтага ганаровага звання (культурнай сталіцы Беларусі.). Хачу нагадаць, што акцыя "Культурная сталіца Беларусі" ў 2023 годзе ў Слуцку прайшла з размахам. Было праведзена больш за 100 асноўных мерапрыемстваў, а гэта і канцэртныя праграмы, і выставы, і фестывалі, і конкурсы, і спектаклі, і выступленні вядучых калектываў краіны. Статыстыка паказала, што больш за 200 тыс. чалавек наведалі іх. У 2024 годзе адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця акцыі ў горадзе Бялынічы, што стаў пляцоўкай для выступлення вядучых калектываў краіны, і мы спадзяёмся, што культурнае жыццё рэгіёна стане яшчэ больш багатым, насычаным новымі праектамі і культурнымі праграмамі", - адзначыў міністр культуры Анатоль Маркевіч.

У адпаведнасці з палажэннем аб правядзенні рэспубліканскай акцыі шэрагам аблвыканкамаў былі прадстаўлены прэтэндэнты на атрыманне статусу "культурная сталіца Беларусі". У лік канкурсантаў трапілі Паставы, Рагачоў, Масты, Салігорск і Іванава.

"Ужо каторы год у рамках акцыі гарады адкрываюцца іх гасцям з новага боку, паказваючы адрозненні аднаго рэгіёна ад другога як сваёй гісторыяй, так і культурнай спадчынай, развіццём эканомікі і сацыяльнай сферы, таму ў гарадоў, якія ўдзельнічаюць, ёсць усе шанцы, каб заяўляць пра сябе, пра сваіх жыхароў, унікальнасць і самабытнасць", - падкрэсліў міністр.

У ходзе дэманстрацыі сваіх праграм гарады-прэтэндэнты на высокае званне культурнай сталіцы краіны 2025 года пастараліся паказаць сваю ўнікальнасць, зрабіўшы экскурс у гісторыю рэгіёна, дэманструючы таленты і ўзровень сцэнічнай культуры.

Салігорск Мінскай вобласці пакарыў гледачоў і журы харэаграфіяй і дэманстрацыяй абрадавых традыцый беларусаў, Паставы Віцебскай вобласці паказалі высокі ўзровень вакальнага майстэрства, падрыхтаваўшы чарговага канкурсанта на фестываль-конкурс "Славянскі базар" Злату Ярашэвіч, Масты Гродзенскай вобласці захавалі аўтэнтычную "Кадрылю", Рагачоў Гомельскай вобласці прадэманстраваў высокі ўзровень харэаграфіі калектыву "Вясковыя пацехі", горад Іванава ўзняў настрой запалам і самабытнасцю. Апошні па суме набраных балаў і стаў пераможцам адбору.

"Іванава - край, багаты на традыцыі, людзей, і я ўпэўнены, што горад і яго жыхары, увесь рэгіён, будуць сумленна і з гонарам несці статус культурнай сталіцы ў 2025 годзе", - рэзюмаваў Анатоль Маркевіч.

28 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/50/73420
Текущая дата: 26.12.2024