Белорусский портал в Казахстане

У панядзелак у Беларусі стартуе Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва



Беларусь правядзе яго ўжо ў восьмы раз.

У сувязі з гэтай падзеяй арганізатары сабралі прэс-канферэнцыю ў Нацыянальным прэс-цэнтры, на якой падрабязна расказалі аб усіх выстаўках і форумах на працягу сямі дзён. Нагадаем, Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва — гэта штогадовае глабальнае мерапрыемства, якое аб`ядноўвае 170 краін у пошуку новых ідэй для прадпрымальніцтва ўсяго свету.

Як адзначыла намеснік дырэктара ТАА «Цэнтр дзелавых камунікацый «БелБіз» Анастасія Хамянкова, гэта падзея з`яўляецца важнай для нашай краіны, паколькі паказвае ролю прадпрымальнікаў у развіцці эканомікі дзяржавы — сюды ўваходзіць, напрыклад, і стварэнне працоўных месцаў. Дарэчы, сёлета мерапрыемства пройдзе пры падтрымцы Савета Міністраў і Міністэрства эканомікі Беларусі, у прыватнасці.

Намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Матусевіч расказаў, што падчас Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва плануецца падпісаць праект эканамічнага развіцця Беларусі на мясцовым узроўні. Паводле яго слоў, да выніковага рашэння прыйшлі сумесна з ПРААН і Еўрапейскім саюзам, дакумент можа быць падпісаны ўжо 13 лістапада і ў такім выпадку закране 12 раёнаў краіны. Намеснік міністра назваў і сумы, прадугледжаныя праектам: па 500 тысяч еўра на рэгіён.

«У рамках гэтага дакумента, калі ён пройдзе ўсе працэдуры і запрацуе ў пачатку 2019 года, кожны з раёнаў зможа рэалізаваць шэраг ініцыятыў як па падтрымцы інфраструктуры, бізнесу, так і кластарных ініцыятыў, сацыяльнага прадпрымальніцтва», — растлумачыў Дзмітрый Матусевіч.

Форум пройдзе ў выставачным цэнтры «БелЭкспа». 13—14 лістапада адбудзецца выстаўка GEW EXPO — гэта першая пляцоўка для інавацыйных кампаній, якія гатовы прэзентаваць свае ідэі міжнароднай супольнасці і дзяржаве на самым высокім узроўні. Стэнды падзелены па секцыях: фінансавыя тэхналогіі, інвестыцыі, інавацыі, падтрымка бізнесу, адукацыя для бізнесу, тэхналогіі для бізнесу і тэхнічныя супольнасці.

Яшчэ адна пляцоўка — Міжнародны форум прадпрымальніцтва. Ён арганізаваны для прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і стартап-экасістэмы. Мэта — абмеркаваць, як ствараць добры прадукт і развіваць бізнес. Перад гасцямі выступяць эксперты ў сваіх сферах, у тым ліку і замежныя.

Цікава, што Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва разлічаны і на падлеткаў: так, 14 лістапада адбудзецца дзелавая канферэнцыя, на якой спікерамі выступяць юныя прадпрымальнікі. Яны прадставяць свае праекты і ідэі перад аўдыторыяй, для дзяцей уваход на мерапрыемства будзе бясплатны.

Не абышлося і без хакатона — гэта такі форум распрацоўшчыкаў, падчас якога спецыялісты з розных абласцей разам працуюць над рашэннем якой-небудзь праблемы. На Тыдні прадпрымальніцтва ён пачнецца 12 лістапада і будзе доўжыцца 48 гадзін. Тэхнічныя спецыялісты прымуць выклік ад міжнародных кампаній і створаць новае рашэнне пры ўдзеле экспертаў з Вялікабрытаніі. Дарэчы, сёлета задачы на форуме паставіць і знакамітая кампанія ІKEA.

Тэматыка Тыдня ў многіх краінах розная, аднак ёсць тэма, якая аб`ядноўвае ўсіх, — гэта жаночае прадпрымальніцтва. У гэтым годзе ў Беларусі ў рамках нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года» Міністэрства эканомікі пагадзілася на тое, каб Міжнародная фінансавая карпарацыя ў Беларусі (адзін з партнёраў мерапрыемства. — Аўт.) выставіла дзве дадатковыя намінацыі: «Найлепшая жанчына-прадпрымальнік Беларусі» і «Найлепшы старт жаночага бізнесу».

Яшчэ адзін важны кірунак Тыдня, на які звярнулі ўвагу арганізатары, — інклюзіўнае прадпрымальніцтва. Саветнік па гандлёвых і эканамічных пытаннях Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі Інэса Палтаран адзначыла, што вельмі важна падтрымліваць такія пачынанні, паколькі для інавацыйных ідэй бар`ераў не існуе.

Аўтар: Уладзiслаў Лукашэвіч 
Звязда, 12 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/555/45585
Текущая дата: 31.12.2024