Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч у інтэрв`ю тэлеканалу "Беларусь 1".
"Вельмі шмат увагі надавалася таму, як пачыналася расследаванне, а менавіта — затрыманням, канфіскацыі тэхнікі і да таго падобнаму. На самай справе тут ніякай надзвычайшчыны няма, — сказаў Іван Наскевіч. — У Крымінальным кодэксе больш за 400 злачынстваў. Як расследуецца кожнае злачынства, напісаны шматлікія тамы метадычных указанняў. Ёсць пэўны алгарытм дзеянняў, чым пачынаць і чым заканчваць".
Паводле слоў Наскевіча, такія меры працэсуальнага прымусу, як затрыманне альбо правядзенне вобшуку, з`яўляюцца "неад`емнымі атрыбутамі расследавання такога кшталту злачынстваў". "Следчыя паступалі абсалютна ў адпаведнасці з методыкай расследавання камп`ютарных злачынстваў", — падкрэсліў кіраўнік СК.
"Для параўнання, што магу вам прывесці ў якасці прыкладу? — працягнуў Наскевіч. — Ёсць паняцце "пратакол аперацыі". Калі вы кладзяцеся на аперацыю па выдаленні апендыцыту, вы ж не кіруеце доктарам, як ён будзе рабіць тую ці іншую маніпуляцыю. Доктар паступае строга па пратаколе, каб выключыць нейкія негатыўныя наступствы, у тым ліку для сябе. Дакладна гэтак жа следчыя расследавалі гэту справу, з першага дня і па гэты дзень — абсалютна ў адпаведнасці з існуючай методыкай".
У сваю чаргу вядучая выпуску навін Паліна Шуба заявіла: "Мы, вядома, разлічваем, што суд праявіць гуманнасць да журналістаў. Гэта ж цень на ўсю нашу медыясупольнасць. Пры гэтым спадзяемся, што мем "не тырым у БелТА" стане не проста інтэрнэт-жартам, а прафілактычнымі лекамі ад такіх парушэнняў закона. Бо красці грэшна, тым больш у калег. А яшчэ такім сур`ёзным рэдакцыям".
7 жніўня Следчы камітэт паведаміў пра распачынанне ў дачыненні да шэрагу журналістаў недзяржаўных СМІ справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які меў вынікам прычыненне істотнай шкоды)".
Нагодай для распачынання крымінальнай справы стаў зварот РУП "БелТА" ў сувязі са збоямі пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія прадстаўляліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў. Паводле паведамлення СК, у ходзе праверкі супрацоўнікамі МУС "выяўлены шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца БелТА".
"У выніку здзейсненага злачынства РУП "БелТА" нанесена істотная шкода, якая выразілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад старонняга доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома "Беларуская навука", ЗАТ "БелаПАН", ТАА "ТутБай Медыя". Сёння па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова", — паведаміла 7 жніўня прэс-служба СК.
У рэдакцыях незалежных СМІ і ў некаторых журналістаў і рэдактараў 7—9 жніўня прайшлі вобыскі. Былі таксама затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, рэдактары ТАА "ТутБай Медыя" Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра неразгалошванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
БелаПАН
Мінск, 10 верасня 2018
Мінск, 10 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/558/44876
Текущая дата: 15.11.2024