Белорусский портал в Казахстане

Дзіцячая чыгунка запрашае адзначыць пачатак новага вучэбнага года



2 верасня з 12.00 да 13.00 на станцыі “Заслонава” Дзіцячай чыгункі адбудзецца канцэрт, падрыхтаваны калектывамі аматарскай мастацкай творчасці культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.

У праграме — выступленне ўзорнага ансамбля народнага танца “Цягнiчок”, вакальнага ансамбля “Зорачкі”, заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля эстраднага танца “Гарэзныя агеньчыкі” і шэраг іншых калектываў.

Акрамя таго, 2 верасня з 11.00 да 16.40 па Дзіцячай чыгунцы будзе курсіраваць цягнік “Сталічны экспрэс”. Ён традыцыйна правязе пасажыраў ад станцыі “Заслонава” праз станцыю “Піянерская” да станцыі “Сасновы Бор” і назад.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ, у верасні Дзіцячая чыгунка працягне сваю работу. Рух цягнікоў будзе арганізаваны па суботах і нядзелях з 11.00 да 16.40. Завершыцца 63-ці сезон 23 верасня.

У кастрычніку Дзіцячая чыгунка запрашае вучняў 5-7 класаў для заняткаў у гуртку "Юны чыгуначнік”. Ахвотныя будуць асвойваць асноўныя чыгуначныя дысцыпліны: “Агульны курс чыгунак”, “Вагонная гаспадарка”, “Лакаматыўная гаспадарка”, “Пуцявая гаспадарка”, “Арганізацыя пасажырскіх перавозак”.

Сяргей Расолька
Звязда, 25 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/562/44650
Текущая дата: 15.11.2024