Рынак спажывецкага крэдытавання ў Беларусі сёлета можа вырасці на 25-30%, а магчыма, і больш. Такое меркаванне выказалі кіраўнікі беларускіх банкаў.
Аб`ём спажывецкіх крэдытаў працягвае павялічвацца і ўсталёўваць новыя рэкорды. Паводле апошніх звестак Нацбанка, за студзень—ліпень запазычанасць насельніцтва па такіх крэдытах павялічылася на 24% да 3 млрд 773,7 млн рублёў.
"Мы чакаем рост рынку спажывецкага крэдытавання сёлета, зыходзячы з тэндэнцыі ў першым паўгоддзі, мінімум на 30%", — адзначыў генеральны дырэктар "БНБ-Банка" Канстанцін Цэрэтэлі.
На яго думку, рост рынку спажывецкага крэдытавання атрымае працяг пры ўмове, "што не будзе загараджальных бар`ераў".
Іншыя прадстаўнікі банкаўскага сектара лічаць, што рост рынку спажывецкага крэдытавання паводле вынікаў года будзе значным, але пакуль складана спрагназаваць, якім менавіта. "У цэлым рынак спажывецкага крэдытавання можа паводле вынікаў года вырасці на 25%, але цалкам магчымы і іншы вынік, цяпер яшчэ складана прадказваць", — адзначыў старшыня праўлення "МТБанка" Андрэй Жышкевіч.
Ён звярнуў увагу, што пакуль рынак не адчуў зменаў у сувязі з новымі ўмовамі крэдытавання, якія ўвайшлі ў сілу вясной.
1 мая Нацбанк увёў каэфіцыент пазыковага цяжару, згодна з якім банкам не рэкамендавана крэдытаваць фізічных асоб, чые расходы на пагашэнне даўгоў перавышаюць 40% сярэднямесячнага даходу.
"На рынку спажывецкага крэдытавання пакуль асабліва не адбіліся абмежаванні, якія ўвайшлі ў сілу з 1 мая. Банкам дазволена ў памеры не больш за 10% ад партфеля крэдытаваць і тых пазычальнікаў, чый пазыковы цяжар перавышае ўсталяваны каэфіцыент. Аднак па меры таго як банкі стануць вычэрпваць гэты ліміт, магчымасці для павелічэння аб`ёмаў крэдытавання будуць звужацца", — мяркуе Жышкевіч.
Прадстаўнікі крэдытных арганізацый канстатуюць, што росту рынку спрыяе зніжэнне працэнтных ставак па спажывецкіх крэдытах. У прыватнасці на рынку аўтакрэдытавання працэнтныя стаўкі апусціліся да 0,01% гадавых.
"Усе праграмы льготнага спажывецкага крэдытавання не з`яўляюцца датаванымі з боку банка. Заўсёды існуе кампенсавальны даход. У прыватнасці, гэта можа быць прамая кампенсацыя з боку партнёра, продаж тавараў якога банк крэдытуе. Банк заўсёды імкнецца атрымліваць рынкавую прыбытковасць у розных формах", — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік "МТБанка".
Іншыя ўдзельнікі фінансавага рынку пацвярджаюць, што гэта так.
"Што да працэнтных ставак па аўтакрэдытах, то яны залежаць ад партнёрскіх пагадненняў з дылерамі. Цудаў не бывае — мы за рынкавы падыход, за рынкавыя ўмовы", — адзначыў генеральны дырэктар "БНБ-Банка".
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 3 верасня 2018
Мінск, 3 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/568/44815
Текущая дата: 27.12.2024