Белорусский портал в Казахстане

Выканкамам даецца права адчужаць пустыя і старыя дамы ва ўсіх населеных пунктах



Аб гэтым паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка 4 верасня падпісаў указ № 357 "Аб пустых і старых дамах", накіраваны на "ўдасканаленне працы па скарачэнні колькасці безгаспадарных і аварыйных пабудоў у населеных пунктах".

Указам прадугледжваецца распаўсюджванне механізму працы з пустымі і старымі дамамі, які існуе ў сельскай мясцовасці, на тэрыторыі ўсіх населеных пунктаў. Пры гэтым прызнаецца, што дзейны ўказ ад 23 лютага 2012 года № 100 "Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці" страціў сілу.

Абавязкі па вядзенні рэестраў пустых і старых дамоў, а таксама па размяшчэнні звестак з гэтых рэестраў на сваіх афіцыйных сайтах у інтэрнэце ўскладаюцца на раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) выканкамы, мясцовыя адміністрацыі раёнаў у Мінску.

Выканкамам даецца права адчужаць пустыя і старыя дамы як на аўкцыёнах (у тым ліку з выкарыстаннем механізму паніжэння пачатковай цаны на 20%, 50% і 80%), так і шляхам іх прамога продажу пры наяўнасці адной прапановы аб куплі, што "дазволіць паскорыць працэдуру адчужэння гэтых дамоў".

Адчужэнне пустых і старых дамоў у абласных цэнтрах і іншых населеных пунктах, вызначаных аблвыканкамамі, будзе ажыццяўляцца выключна па выніках аўкцыёнаў. Акрамя таго, аўкцыёны будуць праводзіцца пры паступленні заявак ад некалькіх прэтэндэнтаў на набыццё дома.

Прадугледжваецца магчымасць выдзялення выканкамам зямельнага ўчастка, на якім размешчаны пусты альбо стары дом, новаму землекарыстальніку пры ўмове зносу такога дома за яго кошт, што будзе садзейнічаць скарачэнню расходаў мясцовых органаў улады.

Рэгламентуюцца механізмы працы з рухомай маёмасцю, размешчанай у пустых і старых дамах, а таксама парадак адчужэння і наступнай дзяржаўнай рэгістрацыі пустых і старых дамоў, у дачыненні да якіх адсутнічаюць правазасведчвальныя дакументы.

"Ва ўказе ўлічаны даручэнні прэзідэнта, а таксама прапановы кіраўнікоў дзяржаўных органаў, агучаныя на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў", — адзначаецца ў рэлізе.

"Для павышэння эфектыўнасці і аператыўнасці працы з пустымі і старымі дамамі на месцах" абласным і Мінскаму гарадскому выканкамам даецца права вызначаць парадак такой працы на адпаведных тэрыторыях (у частцы, не ўрэгуляванай указам).

У дакуменце замацавана, што заява ўласніка пустога дома пра намер выкарыстоўваць гэты дом, якая падаецца ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган, павінна ўтрымліваць абавязацельства выконваць устаноўленыя заканадаўствам мерапрыемствы па ахове і выкарыстанні зямель.

"У цэлым указ будзе спрыяць рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні ўзорнага парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, запланаваных у рамках правядзення ў Рэспубліцы Беларусь 2018—2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы", — сцвярджаецца ў каментарыі.

5 верасня Нацыянальны прэс-цэнтр арганізуе пазапланавую канферэнцыю на тэму ўказа.

БелаПАН
Мінск, 4 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/568/44825
Текущая дата: 27.12.2024