Белорусский портал в Казахстане

Беларускі бізнесмен Аляксей Кавалёнак (старшыня савета дырэктараў ТАА "ММПЗ-груп") прапанаваў пабудаваць у Мёрах (Віцебская вобласць) высокатэхналагічны кардыялагічны цэнтр паводле нямецкіх стандартаў



З такім праектам прадпрымальнік звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі 3 жніўня падчас наведвання кіраўніком дзяржавы Мёрскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Як перадае прэс-служба прэзідэнта, дзякуючы Кавалёнку ў Мёрах пачалі ўзводзіць унікальны прамысловы аб`ект з прыцягненнем нямецкіх інвестыцый і па нямецкіх тэхналогіях — металапракатны завод.

"Прадпрымальнік прапанаваў прэзідэнту пабудаваць у Мёрах падобным чынам яшчэ адзін аб`ект, але толькі ўжо ў сацыяльнай сферы — высокатэхналагічны кардыялагічны цэнтр згодна з нямецкімі стандартамі. Ён будзе створаны для аказання экстраннай і планавай спецыялізаванай дапамогі насельніцтву найбліжэйшых раёнаў і экспарту медыцынскіх паслуг замежным грамадзянам", — гаворыцца ў паведамленні.

Чакаецца, што медыцынскі цэнтр будзе функцыянаваць на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Яго будаўніцтва, адзначылі ў прэс-службе, набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з запускам у Мёрах ў найбліжэйшыя гады новага завода, які прыцягне ў горад дадатковыя працоўныя рэсурсы.

"З бюджэту на будаўніцтва нічога не трэба, усё пабудуецца замежным партнёрам, кіраванне будзе замежнае. Такіх няма ні ў нас, ні ў Расіі, ні ў Казахстане", — адзначыў Кавалёнак.

Лукашэнка адказаў, што вывучыў гэты праект. "Калі мы будзем у цябе лячыць людзей, якія не могуць заплаціць, мы за іх будзем плаціць", — сказаў ён. Разам з тым Лукашэнка падкрэсліў, што "цэны павінны быць узважанымі". "Калі мы будзем бачыць, што нам гэта прапануюць для таго, каб зарабіць вялікія грошы (не думаю, што гэта так), мы адмовімся ад паслуг, таму што ў нас хапае, дзе лячыць людзей", — дадаў афіцыйны лідар.

Кіраўнік дзяржавы наведаў рэнтген-кабінет, радзільнае і дзіцячыя аддзяленні, дзе пагутарыў з маладымі маці і ўручыў ім падарункі. "Мінімум тры-чатыры дзіцяці трэба нараджаць", — заявіў ён.

Паводле слоў міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі, бальніца ў Мёрах стала "свайго роду стандартам на першым узроўні аказання медыцынскай дапамогі".

"Сёлета мы з абласнымі выканаўчымі камітэтамі ўважліва адпрацавалі сацыяльны стандарт па ўкараненні інстытута ўрача агульнай практыкі, які сябе вельмі добра зарэкамендаваў ў вёсцы. Сёння мы яго прыўносім на ўзровень раёнаў", — расказаў міністр.

Лукашэнка асобна звярнуў увагу на аказанне дапамогі пажылым людзям, асабліва адзінокім. "Трэба пераконваць гэтых людзей, якія адзінокія, якім цяжка, каб яны хаця б перазімавалі ў гэтай бальніцы. Нічога тут ганебнага няма. Гэта старыя, і мы павінны іх дагледзець", — падсумаваў ён.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 3 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/573/44414
Текущая дата: 25.12.2024