Белорусский портал в Казахстане

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла «Агульная дыктоўка»



Успомніць правілы беларускай мовы і праверыць сваю пісьменнасць маглі ўсе ахвотныя — дастаткова было зарэгістравацца на сайце арганізатара.

Тых, хто суботняй раніцай адклаў справы і знайшоў пару гадзін, каб наведаць малую залу Нацыянальнай бібліятэкі, аказалася больш за тры сотні. Сярод іх апынулася (па ініцыятыве дачкі-сямікласніцы) і аўтар гэтых радкоў. У мінулым годзе, дарэчы, работы пісалі 176 чалавек.

— Мы праводзім «Агульную дыктоўку» ўжо другі год, — расказвае спецыяліст па карпарацыйных камунікацыях ААТ «Лідскае піва» Надзея Нікалаева. — І зноў лета, і зноў субота, але, як ні дзіўна, людзей прыходзіць шмат. Прыемна, што наш сацыяльны праект па пашырэнні ўжывання беларускай мовы выклікае такую цікавасць.

Пераважная большасць удзельнікаў — моладзь, але прыйшлі і пажылыя людзі, і бацькі з дзецьмі-школьнікамі. Адным з самых юных удзельнікаў, дарэчы, сёлета стаў другакласнік. Праўда, здаўся ён на другой палове тэксту — усё ж разлічаная дыктоўка на падрыхтаваную аўдыторыю.

— Падніміце рукі, хто летась пісаў дыктоўку, — запытаў у залы вядучы мерапрыемства і тэлеканала АНТ Іван Падрэз. Сярод удзельнікаў такіх аказалася нямала. — А цяпер падніміце рукі тыя, хто напісаў яе добра і атрымаў падарункі! — Былі і такія.

На гэты раз у якасці тэксту абралі ўрывак з пакуль не апублікаванай пятай кнігі гісторыка-прыгодніцкага цыкла Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара».

— Я толькі што скончыла свой чарговы раман, і сёння вы пачуеце кавалак новых прыгод маіх герояў, — павітала прысутных са сцэны Людміла Рублеўская. — І магчыма, хтосьці з вас зацікавіцца не толькі мовай, але і беларускай гісторыяй, і сучаснай беларускай літаратурай.

У якасці дыктара гэты раз выступіла спявачка, актрыса і трэнер па голасе Руся.

— Па шчырасці, гэты тэкст — такі кайф, кожнае слова хочацца смакаваць у роце. Не стрэсуйце, атрымлівайце асалоду, — падбадзёрыла яна ўдзельнікаў і пачала дыктоўку. — «Да двухпавярховай камяніцы, што тулілася падазрона наводдаль людных вуліц і пляцаў, і кволай сцяжынкі па снезе не праклалі...»

Тэкст аказаўся і сапраўды насычаны выразамі і словамі, якія не кожны дзень ужываеш: «шаргатлівая лавіна», «замова, уцямная толькі пасведчаным», «блюзнерскія выданні», «дыхтоўная мэбля», «грувасцілася папяровымі гарамі» і «іншыя цікавосткі»... Дыялогі і іх афармленне часам ставілі ў тупік некаторых удзельнікаў.

— Вельмі складаны тэкст, — прызналася Руся, зал пагадзіўся і адказаў апладысментамі. — А што ж вы хацелі? «Прыляцелі гракі» вы і самі напішаце, — пажартавала актрыса.

— Усе выпраўленні будуць залічаныя на вашу карысць. А чырвоны радок увогуле памылкай не лічыцца, — супакойвалі ўдзельнікаў выкладчыкі. — У тэксце шмат аўтарскіх знакаў прыпынку, і мы прадугледзелі ўсю варыятыўнасць напісання.

Праверыць тэксты, дарэчы, філалагічная камісія, якая складаецца з выкладчыкаў ВНУ. У нацыянальнай бібліятэцы работы напісалі 304 чалавекі, яшчэ 17 дыктовак даслалі пасля — далучыцца да ўдзельнікаў можна праз трансляцыю на YouTube-канале: напісаць тэкст дома і даслаць яго на электронную пошту. Канчатковыя вынікі стануць вядомы 8 чэрвеня. Пакуль праверана невялікая частка работ, але, як прызнаюцца арганізатары, «дзясяткі» ўжо ёсць. Свае адзнакі кожны ўдзельнік атрымае на электронную пошту, а выдатнікі атрымаюць яшчэ і падарункі ад ААТ «Лідскае піва».

P. S. «Словы нескладаныя, а вось са знакамі прыпынку — жах», — такую выснову пасля дыктоўкі зрабіла дачка. Згодная, мая дарагая, таму падарункаў па пошце не чакаем.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 5 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/574/43673
Текущая дата: 15.11.2024