Белорусский портал в Казахстане

Фестываль "Маладзечна-2018" прысвечаны Году малой радзімы і 80-годдзю Ігара Лучанка



Аб гэтым паведаміла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.

Тэме Года малой радзімы і 80-годдзю народнага артыста Беларусі і СССР Ігара Лучанка прысвечаны XVIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна".

У першы дзень фестывалю, 8 чэрвеня, адбудзецца галоўная падзея - Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Творчае спаборніцтва пройдзе на пляцоўцы Палаца культуры горада, а цырымонія ўзнагароджання пераможцаў - на сцэне амфітэатра ўвечары таго ж дня.

Уладальніку Гран-пры будзе ўручаны прыз імя Уладзіміра Мулявіна. Канцэрт адкрыцця "Мелодыя лёсу" будзе прысвечаны творчасці славутага беларускага кампазітара Ігара Лучанка.

Прагучаць яго добра вядомыя песні ў новых аранжыроўках і ў перакладзе на беларускую мову. Другі дзень таксама будзе насычаны падзеямі. Гэта і канцэрт акадэмічнай музыкі, і джазавы канцэрт, які пройдзе ў аграгарадку Чысць, а таксама мноства іншых мерапрыемстваў, у прыватнасці, музычна-паэтычная гасцёўня "Малая радзіма - пачатак мой і выток", у якой прымуць удзел паэты і дзеячы культуры і мастацтва.

Гала-канцэрт "Маладзечанскі зарапад" завершыць праграму 9 чэрвеня. У ім прымуць удзел Ядвіга Паплаўская, Вікторыя Алешка, Анастасія Ціхановіч, Іскуі Абалян, Ірына Дарафеева, Аляксей Хлястоў, Саша Нэма і іншыя. У дні свята пройдзе выстава "Наша малая радзіма вачамі мастакоў свету", дзе будуць дэманстравацца работы ўдзельнікаў пленэру "Святасць зямлі беларускай".

На наступны дзень Мінскі абласны краязнаўчы музей прадставіць экспазіцыю графікі "Меер Аксельрод. Вяртанне дадому". Акрамя таго, гледачы змогуць убачыць прэм`еру Мінскага абласнога драматычнага тэатра "Вечар" Аляксея Дударава і спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі "Кар`ера доктара Рауса". Будуць працаваць моладзевыя і дзіцячыя пляцоўкі, выстаўкі работ народных майстроў.

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" праводзіцца па распараджэнні кіраўніка дзяржавы з 1993 года. Па ініцыятыве Мінскага аблвыканкама з 2012 года фестываль стаў штогадовым. На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання развівае і прымнажае добрыя традыцыі па папулярызацыі беларускай (айчыннай) паэзіі і музычнага мастацтва, а таксама вызначаецца як самае маштабнае нацыянальнае свята беларускага слова і песні.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры, Мінаблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Палац культуры Маладзечна, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.

6 чэрвеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/574/43702
Текущая дата: 15.11.2024