Народная артыстка Казахстана ацаніла “Славянскі базар у Віцебску” вышэй за “Еўрабачанне” і “Новую хвалю”.
Роза Рымбаева расказала, як жанчыне-спявачцы сумяшчаць сцэну і сям’ю і атрымала прывітанне з адлегласці ў 5000 кіламетраў.
Любімая артыстка нашых матуль і бабуль, уладальніца лірычнага сапрана ў чатыры актавы Роза Рымбаева – частая госця ў Беларусі: яна не раз выступала ў межах Дзён культуры Казахстана ў Мінску, уваходзіла ў журы дарослага конкурсу “Славянскага базару”, і выступала ў канцэртах майстроў эстрады, а сёлета была адзначана спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”.
А за некалькі гадзін да ўрачыстай падзеі, падчас традыцыйнай сольнай прэс-канферэнцыі – “Зорнага часу” – спявачка прызналася ў асаблівай любаві да віцебскага мастацкага форуму: “У Еўропе хапае буйных міжнародных конкурсаў, ёсць і “Еўрабачанне”, і “Новая хваля”, але толькі “Славянскі базар” праходзіць так маштабна, на вялікай сцэне, з жывым аркестрам”.
– Мільёны гледачоў любяць вашу творчасць. А чым вы жывяце па-за сцэнай? – спыталі журналісты.
– Я мама дваіх сыноў, якіх выхавала адна (муж Рымбаевай памёр незадоўга да нараджэння малодшага дзіцяці). І маёй галоўнай задачай было не толькі выхаваць іх, але даць добрую адукацыю. Накірунак яны абралі самі. Абодва вывучыліся на піяністаў – уяўляеце, колькі гадоў запар з раніцы да вечара я слухала ігру кожнага; нават не ведаю, як вытрымалі нашы суседзі? Але паступіць у кансерваторыю дзяцей я ўгаварыць так і не змагла, і яны пайшлі па маім шляху: навучаюцца акцёрскаму майстэрству і вакалу. Так што, лічу, мая галоўная мара збылася: сыны сталі прафесіяналамі, і за іх будучыню я спакойная.
Між іншым, старэйшы сын Алі лічыцца не проста перспектыўным артыстам – яго неафіцыйна празвалі “казахскім Джасцінам Цімберлейкам”. Цяпер маладому чалавеку ўжо 26 гадоў (малодшаму 18) і, паводле слоў сваёй знакамітай маці, яны зайздросныя жаніхі.
– Па праўдзе, быць спявачкай і маці вельмі няпроста, -- зазначыла спявачка. – Калі ты едзеш на гастролі і пакідаеш грудное немаўля і маленькага сына-першаклашку – гэта самае цяжкае для любой жанчыны. Спяваеш песню, а з дзвюх хвілін адна – у думках пра іх, што яны робяць, ці паелі, ці добра спалі, ці не плачуць… Вось такое двайное жыццё я вяла доўгі час. Галоўнае ў маім жыцці на сёння – сям’я, дзеці. Але разам з тым выхад на сцэну – такі палёт, такое шчасце і водгук ад слухачоў, што не перадаць словамі!
Прыхільнікі, дарэчы, цалкам апраўдалі добрыя словы ў свой адрас: з дапамогай журналістаў з розных краін віншаванні любімай спявачцы, якая атрымала ў Віцебску іменную зорку, даслалі не толькі землякі з Казахстана, але і адданая слухачка з далёкага Іркутска, якая ад усёй душы запрасіла: “Прыязджайце да нас на Байкал!”
Роза Рымбаева стала папулярнай дзякуючы песням савецкіх і казахскіх кампазітараў – і гэтаму класічнаму рэпертуару, дзе можна як след паказаць голас і раскрыць эмоцыі, не здраджвае дагэтуль.
“Абодва мае сыны танчаць і спяваюць у сучасным стылі, пішуць сучасную музыку, але мне не прапануюць – ведаюць, што не спраўлюся. Ды і як можна, калі я ўжо 43-і год пяю на сцэне, раптам падмануць чаканні слухачоў і кардынальна змяніць рэпертуар? Таму ўвесь гэты час я не захапляюся ні рокам, ні джаз-рокам, ні r`-n-b` ці хіп-хопам, бо народ палюбіў мяне за іншыя песні ў зусім іншай стылістыцы”, – гаворыць спявачка.
“Абодва мае сыны танчаць і спяваюць у сучасным стылі, пішуць сучасную музыку, але мне не прапануюць – ведаюць, што не спраўлюся. Ды і як можна, калі я ўжо 43-і год пяю на сцэне, раптам падмануць чаканні слухачоў і кардынальна змяніць рэпертуар? Таму ўвесь гэты час я не захапляюся ні рокам, ні джаз-рокам, ні r`-n-b` ці хіп-хопам, бо народ палюбіў мяне за іншыя песні ў зусім іншай стылістыцы”, – гаворыць спявачка.
Паслухаць гэтыя песні жыхары і госці фестывальнага Віцебска змогуць у найбліжэйшы час – 15 ліпеня ў Летнім амфітэатры адбудзецца канцэрт членаў журы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2018”. А далей? Колькі разоў будуць запрашаць у Беларусь, столькі прыядзе, абяцае спявачка.
Вікторыя Целяшук
Звязда, 13 ліпеня 2018
Звязда, 13 ліпеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/576/44171
Текущая дата: 25.12.2024