Белорусский портал в Казахстане

У большасці раёнаў краіны смяротнасць перавысіла нараджальнасць



Практычна ва ўсіх раёнах Беларусі (у 114 са 118) у першым квартале смяротнасць перавысіла нараджальнасць, сведчаць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя.

Паводле звестак абласных статупраўленняў, у першым квартале ва ўсіх 54 раёнах Віцебскай, Брэсцкай, Мінскай, Гродзенскай абласцей назіраліся натуральныя страты насельніцтва.

У Магілёўскай вобласці такая тэндэнцыя была характэрная для 20 раёнаў (колькасць народжаных перавысіла колькасць памерлых толькі ў Краснасельскім раёне).

У Гомельскай вобласці насельніцтва скарачалася ў 19 раёнах (толькі ў Жлобінскім і Чачэрскім раёнах адбыўся натуральны прырост насельніцтва), у Мінскай — у 21 раёне (ва ўсіх, акрамя Мінскага).

Дэмаграфічныя праблемы абмяркоўваліся 11 мая ў Гродзенскім аблвыканкаме на пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы.

Удзельнікі пасяджэння канстатавалі, што з пачатку года ў вобласці агульная смяротнасць у параўнанні з першым кварталам 2017 года ўзрасла на 10%. Як паведамляе аблвыканкам, у Гродне і 9 раёнах вобласці фіксуецца агульны рост смяротнасці над нараджальнасцю. Зніжэнне смяротнасці ў працаздольным узросце адзначаецца толькі ў 5 раёнах.

"Змены ў дэмаграфічнай сітуацыі патрабуюць прынцыпова новага падыходу ў рабоце арганізацый сістэмы аховы здароўя. Неабходна больш актыўна прымяняць комплекс спецыяльных мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва", — заявіў на пазачарговым пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

У цэлым па Беларусі за першы квартал смяротнасць перавысіла нараджальнасць на 8.766 чалавек (за ўвесь мінулы год натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 16.695 чалавек).

Беларускія эканамісты канстатуюць, што цяперашні ўзровень нараджальнасці з`яўляецца недастатковым для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

"У Беларусі каэфіцыент нараджальнасці складае 1,6-1,7, а для павелічэння насельніцтва неабходна, каб на адну жанчыну прыпадала больш за два дзіцяці. Пакуль не бачна перадумоў, за кошт якіх гэты паказчык мог бы так істотна вырасці", — адзначыла ў каментары акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Эксперт адзначае, што эканамічныя метады (у прыватнасці, павышэнне дапамогі для догляду дзіця) ужо не дазваляюць забяспечыць рост нараджальнасці ў краіне. "На сучасных гарадскіх жанчын такога кшталту стымулы не маюць уплыву", — канстатуе Барнукова.

Дамагчыся рэальнага паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі можна за кошт развіцця сеткі дашкольных устаноў, у якіх маглі б знаходзіцца дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, лічыць эксперт.

"Для павышэння гатоўнасці насельніцтва заводзіць дзяцей неабходна ствараць умовы, каб жанчыны маглі сумяшчаць ролю маці з прафесійнай дзейнасцю. Для гэтага неабходна ствараць адпаведныя ўмовы і развіваць сетку дашкольных устаноў", — лічыць Барнукова.

Таксама, мяркуе эксперт, забяспечыць прырост насельніцтва можна за кошт прыцягнення ў краіну мігрантаў.

"З улікам неспрыяльнай эканамічнай сітуацыі ва Украіне і культурнай блізкасці нашых краін Беларусь магла б разлічваць на прыцягненне мігрантаў з паўднёвай суседкі. Аднак, каб стаць прывабнай для мігрантаў, у нашай краіне павінны назірацца ўстойлівыя тэмпы эканамічнага росту", — падкрэсліла ў каментары Барнукова.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 14 мая 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/578/43431
Текущая дата: 15.11.2024