Белорусский портал в Казахстане

Будынак каля Белдзяржцырка, які спачатку планаваўся як гатэль, будзе дабудаваны як офісны цэнтр



Аб гэтым па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў вузкаму колу журналістаў старшыня праўлення расійскага ПАТ "Ашчадбанк" Герман Грэф.

Будынак ля Белдзяржцырка на беразе Свіслачы ў Мінску, які першапачаткова планаваўся як гатэль, будзе дабудаваны на працягу года. 

"Пытанне, якое мы разгледзелі, атрымала падтрымку прэзідэнта — гэта дабудова вялікага комплексу будынкаў тут, у цэнтры Мінска, якія нам дасталіся ў выніку, на жаль, таго, што праект не быў рэалізаваны, крэдыт не быў вернуты. Мы сёння дамовіліся аб параметрах, у якіх мы на працягу года цалкам рэалізуем гэты праект", — цытуе Грэфа інфармагенцтва БелТА.

"Мы сёння дамовіліся аб тым, што перапрафілюем яго ў офісны цэнтр. Цэнтральны будынак будзе выкарыстаны "Ашчадбанкам" пад пераезд нашага беларускага банка — "БПС-Ашчадбанка". Астатні комплекс будынкаў будзе выкарыстаны пад будаўніцтва: на верхніх паверхах — суперсучаснага офіснага будынка, а ніжнія паверхі будуць выкарыстаныя пад крамы, кафэ, рэстараны", — удакладніў ён.

Першапачаткова чакалася, што гатэль будзе ўведзены ў эксплуатацыю да чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2014 года (паведамлялася, што ён будзе належаць сетцы гатэляў "Кемпінскі"). Тэрмін заканчэння работ — 31 снежня 2013 года — быў перанесены на 1 мая 2014 года, а затым на 31 снежня 2015 года. Заказчыкам будаўніцтва выступала СТАА "Эліт Эстэйт" (заснавальнікі — беларускі "Трайпл" і маскоўская фірма "Сіці Эстейт"). Для будаўніцтва гасцініцы быў знесены помнік архітэктуры — першая беларуская электрастанцыя, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі. Аднак будоўля была замарожаная.

У жніўні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае намер "самым жорсткім чынам падсцябнуць" завяршэнне будаўніцтва комплексу. Ён адзначыў, што ўзвядзенне аб`екта з`яўляецца для яго "балючым пытаннем". У ліпені 2016 года Лукашэнка ўказам распарадзіўся завяршыць будаўніцтва да канца 2018 года.

Пытанне аднаўлення будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу каля Белдзяржцырка абмяркоўвалася на сустрэчы Лукашэнкі з Грэфам у студзені мінулага года. Па выніках перамоў Грэф паведаміў, што "Ашчадбанк" укладзе ў Беларусі больш за 100 млн долараў у аб`екты нерухомасці, у тым ліку плануе прафінансаваць недабудаваны комплекс каля Белдзяржцырка.

Указам прэзідэнта ад 10 красавiка будаўніцтва гасцініцы, уласнікам якой стаў "Ашчадбанк", было прадоўжана да канца 2020 года. Расійскі банк пагасіў праблемную запазычанасць у 50 млн долараў перад камерцыйнымі банкамі, якія фінансавалі будаўніцтва элітнага гатэля.

Будаўнічыя працы на аб`екце аднавіліся ў кастрычніку 2017 года.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 27 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/578/43982
Текущая дата: 25.12.2024