Белорусский портал в Казахстане

Фарны касцёл у Навагрудку, дзе хрысцілі Міцкевіча, будзе абвешчаны санктуарыем



28–29 ліпеня ў Навагрудку адзначаць 75-гадовы юбілей мучаніцкай смерці благаслаўлёных с. Марыі Стэлы і яе дзесяці паплечніц, расстраляных нацыстамі ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г.

У межах урачыстасці фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку, дзе знаходзяцца рэліквіі благаслаўлёных сясцёр мучаніц, будзе абвешчаны санктуарыем.

Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на расстрэл. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на працы ў Германіі. Зняволеных вывезлі 24 ліпеня, а некаторых вызвалілі. Усе яны перажылі вайну.

Сёстры мучаніцы з Навагрудка былі беатыфікаваныя папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме.

Праграма ўрачыстасцяў

28 ліпеня

17.30 — прывітанне пілігрымаў; малітва на месцы расстрэлу сясцёр
18.00 — св. Імша ў лесе на месцы мучаніцтва, якую ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі (Польшча), з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
22.00 — пачатак чування ў навагрудскім фарным касцёле Перамянення Пана
канферэнцыя
выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту да 4.30
23.00 — адарацыя, якую правядуць сёстры назарэтанкі
29 ліпеня

24.00 — адарацыя, якую правядзе моладзь
1.00 — адарацыя, якую правядуць вернікі з Ліды
2.00 — Крыжовы шлях
3.00 — адарацыя, якую правядуць пілігрымы
4.30 — святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка
9.30 — кароткая праграма пра благаслаўлёных сясцёр мучаніц
10.00 — святая Імша ў фарным касцёле Перамянення Пана, якую ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр
на заканчэнне Імшы будзе прачытаны дэкрэт, якім фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку абвяшчаецца санктуарыем благаслаўлёных сясцёр мучаніц Марыі Стэлы і паплечніц.

З гісторыі святыні

Фарны, або парафіяльны касцёл у Навагрудку быў пабудаваны князем Вітаўтам у гатычным стылі ў канцы XIV стагоддзя. Свой сучасны выгляд святыня набыла пасля перабудовы на пачатку XVIII ст.

У фарным касцёле ў Навагрудку 12 лютага 1799 г. быў ахрышчаны беларускі польскамоўны паэт Адам Міцкевіч. Менавіта ў гэтай святыні перад абразом Маці Божай ён у дзяцінстве па малітве матулі быў аздароўлены ад цяжкай хваробы, пра што ўзгадвае на самым пачатку паэмы «Пан Тэдэвуш».

catholic.by, 28 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/578/43992
Текущая дата: 25.12.2024