Белорусский портал в Казахстане

На сустрэчы з журналістамі 2 чэрвеня падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкай крытыкай спробаў "прыватызаваць перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне"



Прэзідэнт пракаментаваў матэрыялы, якія з`яўляюцца ў расійскай прэсе, пра тое, што Беларусь нібыта займаецца гістарычным сепаратызмам.

"Апошнім часам я адсочваю гэтую тэндэнцыю, назіраю. Усё больш інфармацыі менавіта на гэтую тэму. Камусьці карціць, што дзіўна — у Расіі, прыватызаваць гэтую перамогу. Як быццам не было на вайне іншых — беларусаў, украінцаў, грузін, армян , таджыкаў, туркмен... Увесь Савецкі Саюз ваяваў. Загінулі нават не сотні і не тысячы, а сотні тысяч. Мы кожнага трэцяга пакалечылі і страцілі. Уся Беларусь — гэта помнік. Тысячы спаленых вёсак, ні ў чым не вінаватых людзей, старых, дзяцей", — сказаў Лукашэнка.

І Брэсцкая крэпасць з`яўляецца агульнай святыняй для многіх народаў, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Нам дзяліць перамогу — гэта ліць ваду на млын нашых супернікаў і праціўнікаў. Яны рады, што мы пачалі гэтую дзяльбу. І вы ведаеце, адкуль гэтая дзяльба пайшла. Таму я вельмі негатыўна ўспрымаю падобныя заявы, што хтосьці гэтую перамогу заваяваў у адзіночку", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка адзначыў, што пачалі ўжо чапляцца і да святаў і традыцый, якія ёсць у Беларусі. "Я проста хачу сказаць пра гэта, а ў Расіі і іншых краінах хай людзі судзяць: акцыя "Беларусь памятае" — я нават не магу сказаць, што я, першы прэзідэнт, ініцыяваў гэтую акцыю. У нас у Савецкім Саюзе былі гэтыя шэсці. Праўда, мы назвалі гэта ярка і выразна — "Беларусь памятае". У савецкія часы тысячы ветэранаў ішлі да помніка, як мы сёння з партрэтамі загінулых, з нашымі сімваламі (была сімволіка — чырвоны сцяг з сярпом і молатам). Усе пад ім ішлі, і я гэта памятаю, каб ушанаваць памяць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як заявіў Лукашэнка, падчас "нацыяналістычнага экстазу" ў Беларусі ў пачатку 1990-х усё гэта было забытае, аднак калі ён стаў прэзідэнтам, то паводле просьбы ветэранаў аднавіў практыку правядзення шэсцяў і акцый.

Кіраўнік дзяржавы сам рэгулярна браў удзел у гэтых шэсцях, калі людзі ў тым ліку ішлі з партрэтамі загінулых, нацыянальнымі чырвона-зялёнымі сцягамі і стужкамі. "Тады яшчэ і "Бяссмертнага палка" не было. Ён з`явіўся пазней. Дык нам што зараз, перакрэсліць нашу традыцыю, выкінуць нашы чырвона-зялёныя стужачкі і бегчы за кімсьці?" — задаўся пытаннем беларускі кіраўнік.

Ён падкрэсліў, што сэнс і мэта абедзвюх акцыяў аднолькавыя — ушанаваць памяць загінулых. "Чаго тут пакутаваць? Перш трэба разабрацца, але я не думаю, што яны не ведаюць. У гэтым прычына іншая — усё адмесці, вось мы — героі, пераможцы. Так нельга. Перамог савецкі народ! І прыватызацыі быць не павінна", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы працытаваў папрок, што прагучаў на адным з інфармацыйных рэсурсаў: у Беларусі нібыта ёсць свая перамога — 3 ліпеня замест 9 мая. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі на Дзень Перамогі ў юбілейныя даты прынята праводзіць ваенныя парады. У астатнія гады парад праводзіцца 3 ліпеня — у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што сімвалізуе і вызваленне Беларусі ў цэлым. Гэтая ж дата на рэферэндуме была зацверджаная ў якасці Дня Незалежнасці. Лукашэнка таксама падкрэсліў, што заўсёды пры правядзенні афіцыйных святочных мерапрыемстваў на 9 мая імкнецца ўлічваць жаданне ветэранаў, іншых грамадзян мець магчымасць убачыць трансляцыю і параду на Краснай плошчы ў Маскве, каб час іх правядзення не супадаў.

"Так за што вы нас папракаеце — за тое, што мы ўсёй краінай глядзім на Краснай плошчы парад? Недаўмекі. Не ведаюць сітуацыі ці не цікавяцца. Але, мне здаецца, знарок гэта робяць. Гэта ўсё пад падставай прыватызаваць перамогу. Нельга гэтага рабіць. Я гэта кажу ў гэтых сценах, дзе загінулі ўсе. Гэта аб`яднальная перамога", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 2 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/582/43623
Текущая дата: 26.12.2024