Белорусский портал в Казахстане

Спектакль па кнізе Горвата "Радзіва Прудок" пакажуць на Палессі



Мінскай публіцы прэм’еру нашумелай пастаноўкі купалаўцы прадставяць у маі гэтага года.

Прэм`ера спектакля па кнізе журналіста і былога дворніка Андруся Горвата "Радзіва Прудок" на сцэне Купалаўскага тэатра запланаваная на 16-17 мая гэтага года, паведаміў рэжысёр спектакля Раман Падаляка.  

Палесскія прыгоды купалаўцаў

Акрамя выступу на Камернай сцэне купалаўцы адправяцца на радзіму кнігі — ў пасёлак Прудок Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, што на Палессіі недалёка ад украінскай мяжы. Дакладная дата палесскай прэм`еры не называецца, зараз вядома толькі, што задумка будзе ажыццяўляцца ўлетку.  Па словах удзельнікаў, гэта стане своеасаблівым выпрабаваннем для ўсіх на тое, ці з`яўляецца спектакль "жыццёвым".

Праект цалкам эксперыментальны, таму гледачоў чакае вялікая колькасць "касмічных" сюрпрызаў. Раскрываць дэталі пастаноўкі Раман Падаляка не стаў. Застаецца толькі здагадвацца, як будзе прадстаўлена на сцэне спецыфічная структура кнігі — дзённік.

"Андрусь даў нам магчымасць  зрабіць усё так, як нам здаецца патрэбным. Нешта мы перастаўлялі і змянялі тое, што ёсць у кнізе. Мы цэнім гэты карт-бланш. Спадзяюся, што знаходзімся на адной касмічнай хвалі з Андрусем і трошкі разумеем, што хацеў сказаць аўтар", — расказаў ён.

У спектаклі будзе задзейнічана невялікая частка ўсёй трупы Купалаўскага тэатра — акцёры Міхаіл Зуй, Дзмітрый Ясіневіч і Святлана Анікей.  Яны ў адзін голас падкрэсліваюць, што працаваць невялікім саставам, гэта "асаблівы кайф".

"Пакуль што мы не вызначыліся з фарматам спектакля і зараз вельмі сумленна спрабуем штосьці шукаць, не вызначаючы гэта ў пэўны жанр. А раптам, з гэтага атрымаецца тое, чаго раней ніколі не было", — заінтрыгавала Святлана Анікей.

Цётка Дуня і кампанія

Сам аўтар удзельнічаць у пастаноўцы не будзе і плануе толькі патрапіць на прэм`еру, "каб паглядзець, што атрымалася".

"Я дагэтуль больш адчуваю сябе дворнікам. Успрыняць сур`ёзна тое, што напісаў кнігу, якая стала асновай для спектакля, я не магу. Для мяне гэта існуе як паралельная рэчаіснасць, у якую складана паверыць.  Часамі падаецца, што гэта ўсё не праўда, але мне вельмі прыемна быць суудзельнікам гэтай гісторыі. Мне выдзелілі цёплае і утульнае месца, ад якога я атрымліваю толькі асалоду", — падзялўся сваімі ўражаннямі Горват.

Ён звярнуў увагу, што спектакль — гэта цалкам вынік творчасці купалаўцаў, таму яго задача заключаецца толькі ў тым, каб не перашкаджаць.

Андрусь Горват дагэтуль не можа ахарактарызаваць, кім з`яўляецца для Прудка і як жыхары гэтага мястэчка адносяцца да вядомасці, якая нечакана звалілася на іх галовы.

"Прудкоўцы — гэта сапраўдныя партызаны-палешукі, і праўды да канца я не ведаю, як яны ставяцца да мяне. Дакладна ведаю, што персанаж  гэтай кнігі — цётка Дуня — пра якую пісаў вельмі багата, ганарыцца тым, што стала сапраўднай зоркай. Яна неяк размаўляла са сваімі сваякамі і нават высветліла, што з`яўляецца мне цёткай", — дадаў аўтар "Радзіва Прудок".

Асаблівае месца ў спектаклі адводзіцца Палессю і мясцовай гаворцы. Акцёрамі ўжо даводзілася дакранацца да гэтай своеасаблівай гаворкі праз спектакль "Людзі на балоце", які ёсць у рэпертуары тэатра.

"Я думаю, што мы атрымаем зборны беларускі матэрыял. Свае назіранні прадставіць каманда, удзельнікі якой пайшлі родам з розных куткоў Беларусі", — падкэсліў Дзмітрый Ясіневіч. Яму, дарэчы, давядзецца прымерыць ролі некалькіх персанажаў.

Нагадаем, што кніга  "Радзіва Прудок" з`явілася са "смешных і сумных інтымных тэкстаў", якія Андрусь Горват спачатку друкаваў у сацыяльных сетках.  У гэтым годзе выйшаў чарговы тыраж кнігі і зараз, па словах аўтара, надічваецца больш за 5 тысяч асобнікаў.

Своеасаблівай рэпетыцыяй спектакля можна назваць фільм "Ягор", які купалаўцы прадставілі гледачам у пачатку гэтага года.

Мінск, 23 сакавіка 2018
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/584/42921
Текущая дата: 16.11.2024