Аб гэтым паведамілі на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".
Адрэстаўраваную ваенную драму рэжысёра Элема Клімава па сцэнарыі Алеся Адамовіча "Ідзі і глядзі" ("Беларусьфільм", "Масфільм", 1985 год) пакажуць 19 сакавіка ў Доме кіно ў Мінску да 75-годдзя трагедыі Хатыні.
Карціна была адрэстаўравана спецыялістамі кінаканцэрна "Масфільм" і ў 2017 годзе атрымала галоўны прыз на 74-м Венецыянскім кінафестывалі ў намінацыі "Венецыянская класіка" за лепшы адрэстаўраваны фільм.
Прэм`ера фільма "Ідзі і глядзі" адбылася летам 1985 года на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, дзе ён быў удастоены "Залатога прыза" і адзначаны прэміяй FIPRESCI.
За больш як 30 гадоў з моманту стварэння фільм станавіўся лаўрэатам многіх прэстыжных кінафестываляў.
У 1985 годзе быў вылучаны ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію "Оскар" у намінацыі "Лепшы фільм на замежнай мове". Паводле даных апытання чытачоў часопіса "Советский экран", "Ідзі і глядзі" быў прызнаны лепшым фільмам 1986 года, а пасля замацаваўся ў многіх кінарэйтынгах, у тым ліку і замежных.
Фільм мае рэйтынг 95 працэнтаў "свежасці" па шкале Rotten Tomatoes. Па версіі часопіса Time Out, карціна займае шосты радок у спісе "50 лепшых ваенных фільмаў усіх часоў", адначасова з`яўляючыся лепшым фільмам пра Другую сусветную вайну. У 2008 годзе брытанскі часопіс Empire ўключыў стужку ў спіс "500 найвялікшых фільмаў усіх часоў".
Па выніках апытання, праведзенага ў 2012 годзе брытанскім часопісам Sight & Sound сярод рэжысёраў, карціна заняла 30-е месца ў спісе лепшых фільмаў усіх часоў.
Паказ стане сумеснай акцыяй Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і кінаканцэрна "Масфільм" пры падтрымцы Беларускага саюза кінематаграфістаў. Білеты можна набыць у касах Дома кіно. Пачатак а 16.00.
16 сакавіка 2018, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/585/42860
Текущая дата: 16.11.2024