Белорусский портал в Казахстане

Брэсцкі драмтэатр прадставіў прэм`еру спектакля пра Ясеніна



Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіў прэм`еру спектакля "За крапівой бераг".

Работа над пастаноўкай заняла ў творчай групы каля чатырох гадоў. Рэжысёр Валянціна Янавец спецыяльна паставіла спектакль у малой зале.

Камерная абстаноўка дае магчымасць гледачу разам з Сяргеем Ясеніным перажываць асабістую драму. Брастаўчане паспрабавалі прадставіць апошнія мінуты жыцця выдатнага рускага паэта. Страчваючы сувязь з рэальнасцю, ён прыгадвае паваротныя моманты свайго лёсу. У гэтым падарожжы Ясеніна суправаджае Дама ў чорным: зборны вобраз жанчын, якія паўплывалі на яго жыццё.

"Нам хацелася паказаць, якімі маглі быць апошнія мінуты: калі чалавек стаіць ля мяжы, але яму даюць шанц нешта выправіць. Дагэтуль дакладна невядома, што здарылася ў тую трагічную ноч. Некаторыя ўпэўнены, што Ясенін сам пайшоў з жыцця. Іншыя лічаць, што яму дапамаглі гэта зрабіць. Мы прадставілі свой варыянт, што з ім магло адбывацца", - адзначыла рэжысёр.

У сюррэалістычным спектаклі заняты ўсяго два акцёры. Галоўную мужчынскую ролю выконвае Аляксей Шчарбакоў. Ён са школы з`яўляецца паклоннікам творчасці Сяргея Ясеніна, таму зыграў яго з вялікім задавальненнем.

"Работа над пастаноўкай атрымалая працяглай, складанай, паколькі сцэнарыя ў нас не было. Мы вывучылі шмат матэрыялу. Выкарысталі вершы, біяграфію, успаміны сяброў, якія, верагодна, спецыяльна падлівалі масла ў агонь, прадстаўляючы паэта алкаголікам і буянам. На мой погляд, ёсць факты, якія абвяргаюць гэта", - падкрэсліў акцёр.

Яго калега Таццяна Дзячэнка за час спектакля прымярае на сябе практычна дзясятак жаночых роляў. "Мы ўзялі жанчын, якія акружалі Ясеніна, любілі яго. Гэта маці, Зінаіда Райх, Айседора Дункан, Галіна Беніслаўская, Соф`я Талстая. З цікавасцю вывучала матэрыялы, каб потым увасобіць вобразы на сцэне. Рада, што ў нас атрымаўся гэты спектакль. Спадзяюся, ён спадабаецца публіцы", - сказала на заканчэнне актрыса Брэсцкага драмтэатра.

21 мая 2018, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/585/43479
Текущая дата: 26.12.2024