Белорусский портал в Казахстане

Эмір Кустурыца прэзентуе на "Славянскім базары ў Віцебску" сваю новую рэжысёрскую работу і выступіць з канцэртам



Аб гэтым паведаміў 30 студзеня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню XXVII форуму, генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" - дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка.

Паказ фільма "Па Млечным Шляху", у якім Эмір Кустурыца выступіў рэжысёрам і выканаў адну з галоўных роляў, адбудзецца ў час кінапраграмы фестывалю. Таксама вядомы артыст выступіць як музыкант з «No smoking orchestra» на галоўнай фестывальнай пляцоўцы.

Паводле слоў Аляксандра Сідарэнкі, у гэтым годзе арганізатары фестывалю пастараліся сабраць у Віцебску як артыстаў, ужо добра вядомых мясцовай публіцы, так і тых, хто яшчэ не прыязджаў на "Славянскі базар".

Так, на рок-канцэрце выступіць група "Мумій Троль", у супершоу - удзельніцы Comedy Woman. Эмір Кустурыца таксама ўпершыню стане ўдзельнікам форуму.

Шэраг іншых імёнаў арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце. Яшчэ адна асаблівасць цяперашняга фестывалю - вялікая колькасць запрошаных музычных аркестраў, шырока вядомых публіцы.

У іх ліку Аляксандр Сідарэнка назваў калектыў "Вясельна-пахавальны аркестр" Горана Брэгавіча, які выступіць у Летнім амфітэатры ў другім аддзяленні канцэрта «No smoking orchestra».

Таксама прапрацоўваецца магчымасць правядзення ў рамках фестывалю цыркавога праекта.

"Упэўненасць у тым, што ён будзе рэалізаваны, ёсць на 90 працэнтаў. Да нас паступаюць цікавыя прапановы ад знакамітых артыстаў, праект у рабоце", - канстатаваў дырэктар фестывалю.

Аляксандр Сідарэнка таксама падкрэсліў, што гледачоў і паклоннікаў "Славянскага базару" чакаюць насычаныя разнастайнымі культурнымі падзеямі дні.

Так, сваё пяцігоддзе адзначыць праект "Лялечны квартал", у якім спектаклі для дзяцей і дарослых прадоўжаць лялечныя тэатры з Беларусі, Расіі, Украіны.

На вуліцах і плошчах Віцебска зноў разгорнецца фэст вулічнага мастацтва "На сямі вятрах", будуць прадстаўлены інтэрактыўныя праекты вулічных тэатраў, музыкантаў, перформераў, лялечных тэатраў і артыстаў. Рыхтуюцца канцэртныя і забаўляльныя праграмы.

"Плануецца шмат цікавых праектаў. Поўная праграма фестывалю будзе агучана пазней", - дадаў Аляксандр Сідарэнка.

31 студзеня 2018, Віцебск
Вольга Багачова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/592/42412
Текущая дата: 15.11.2024