Белорусский портал в Казахстане

Актуальны курс беларускага рубля блізкі да раўнаважнага



Пра гэта заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур 25 студзеня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнку цікавіла сітуацыя ў сферы крэдытна-фінансавых арганізацый і банкаўскай сістэме.

"Якая сітуацыя на валютным рынку? Ці пацвярджаюцца тыя тэндэнцыі, ці яны крыху лепшыя, чым мы з вамі абмяркоўвалі напярэдадні новага года? Як у нас развіваюцца падзеі на валютным рынку перш за ўсё. Што мы можам чакаць у будучыні ад курсу рубля? Гэта вельмі важна для нашай эканомікі ў цэлым", — сказаў ён.

"Калі казаць пра сітуацыю на валютным рынку, то ў нас цяпер курс паблізу раўнаважнага. Дзякуючы той палітыцы, якую праводзілі ў папярэднія некалькі гадоў, мы выйшлі на курс, які, з аднаго боку, цалкам задавальняе нашых экспарцёраў, з іншага — ён адпавядае задачам падтрымання фінансавай і цэнавай стабільнасці", — адзначыў Калаур.

25-га студзеня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель умацаваўся да долара ЗША, знізіўся да еўра і расійскага рубля. Па выніках таргоў курс еўра вырас на 0,0113 рубля (0,46%) і склаў 2,4507 рубля. Курс долара ЗША знізіўся на 0,0061 рубля (0,31%) да 1,9741 рубля. Курс расійскага рубля вырас на 0,0175 рубля і склаў 3,5293 беларускага рубля за 100 расійскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля складае 50%, долара ЗША і еўра — 30 і 20%.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 25 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/593/42277
Текущая дата: 15.11.2024