Выстава ў Нацыянальным гістарычным музэі будзе працаваць з 15 сакавіка да 7 траўня.
У Нацыянальным гістарычным музэі 14 сакавіка адкрылася выстава, прымеркаваная да 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
На выставе прадстаўленыя дакумэнты, фатаздымкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музэю Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага архіву, Цэнтральнага архіву КДБ Рэспублікі Беларусь, Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю, прыватных збораў.
На адкрыцьцё выставы былі запрошаныя гісторыкі, навукоўцы, дэпутаты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама партыйныя і грамадзкія актывісты. Кіраўніцтва партыі БНФ прыйшло ў поўным складзе: цяперашні старшыня Рыгор Кастусёў, былі лідэр, а цяпер намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч, Юры Чавусаў.
Дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч у сваім выступе адзначыў, што Інстытут распрацаваў канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржаўнасьці.
«Пад уплывам радыкальных геапалітычных зьменаў, якія здарыліся ў той час, адбылася хуткая трансфармацыя ідэі беларускай дзяржавы — ад аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі да абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасьці ў сакавіку 1918 году. Так, БНР як дзяржава не адбылася, але гэта была першая спроба практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці. І гэта вельмі важны, істотны момант для нашага народу і для нашай гісторыі... Менавіта тады ўпершыню спрабавалі стварыць сваю нацыянальную беларускую дзяржаву.
І мы павінны імкнуцца кансалідаваць, а не разьдзяляць беларускае грамадзтва», — перакананы Вячаслаў Даніловіч.
У экспазыцыю ўключаныя ўнікальныя прадметы: ІІІ Устаўная грамата, арыгінальныя сьпісы дэлегатаў першага Ўсебеларускага народнага сходу 1917 году, дакумэнты Народнага Сакратарыяту і Рады Народных Міністраў БНР, пячатка Рады БНР, якую насіў Вацлаў Ластоўскі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзей.
Да прыкладу, Цэнтральны архіў КДБ упершыню паказаў пратакол паседжаньня Рады міністраў, якая на палітычнай канфэрэнцыі ў Бэрліне 15 кастрычніка 1925 году абвясьціла аб спыненьні сваіх паўнамоцтваў.
«Гэта сьведчыць пра тое, што дзяржаўныя інтарэсы, інтарэсы краіны, інтарэсы нацыі вышэйшыя за партфэлі, вышэйшыя за ўласныя палітычныя амбіцыі. Гэты дакумэнт упершыню паказаны публіцы», — сказаў гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім адзначыла, што сёньня па краіне крочыць сьвята.
«Гэта сьвята яднаньня беларусаў на глебе разуменьня таго, што мы ня ўчора нарадзіліся, што беларуская дзяржаўнасьць мае трывалы падмурак, мае даўнія традыцыі і мае этапы. І вось адзін з гэтых важных этапаў — гэта якраз-такі абвяшчэньне БНР.
Гэта ня проста наша памяць, гэта яшчэ і даніна нашай павагі тым прадстаўнікам Беларусі, якія ў няпростых варунках узялі на сябе адказнасьць за лёс краіны, абвясьціўшы пра стварэньне сувэрэннай дзяржавы. Тое, што яны заклалі, на жаль, ня ўсё яшчэ спраўдзілася. Тым ня менш мы маем самае галоўнае — нашу ўласную, незалежную дзяржаву», — сказала Алена Анісім.
15–16 сакавіка ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пройдзе Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці». На канфэрэнцыі будзе прэзэнтавана і новае выданьне «Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці».
Іна Студзінская
Радыё Свабода, 14 сакавіка 2018
Радыё Свабода, 14 сакавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/593/42823
Текущая дата: 25.12.2024