Стогадовы юбілей абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі з`яўляецца выдатнай нагодай для кансалідацыі беларускіх грамадскіх сіл, перакананыя сябры Рады грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ).
Зварот з нагоды юбілею, які будзе адзначацца 25 сакавіка, Рада ТБМ прыняла на пазачарговым пасяджэнні 13 сакавіка ў Мінску. Тэкст дакумента апублікавала на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім.
"2018 год праходзіць пад знакам выдатнай падзеі XX стагоддзя — стогадовага юбілею аднаўлення нашай дзяржаўнасці, — адзначылі аўтары звароту. — Для кожнага грамадзяніна нашай краіны гэта найважнейшая дата. Роўна сто гадоў таму ў няпростых палітычных умовах нашы папярэднікі — тагачасная палітычная эліта — зрабілі рашучыя крокі, узяўшы на сябе адказнасць за лёс сваёй краіны, і аб`явілі аб стварэнні суверэннай дзяржавы. Іх дзейнасць стала асноўнай для далейшай пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь, якая з`явілася на карце свету ў 1991 годзе".
"Спраўдзілася мара многіх пакаленняў беларусаў — жыць у сваёй краіне, размаўляць на сваёй роднай мове, развіваць сваю культуру, будаваць сваё жыццё на нацыянальным падмурку і на аснове агульначалавечых каштоўнасцяў. На жаль, не ўсё зроблена так, як павінна быць і як нам бы хацелася . Але ў нас ёсць галоўнае — свая ўласная дзяржава", — гаворыцца ў звароце.
Сябры Рады ТБМ заклікалі грамадзян Беларусі і беларусаў замежжа "ўрачыста і годна адзначыць стогадовы юбілей аднаўлення нашай дзяржаўнасці", паколькі гэта "цудоўная нагода для кансалідацыі актыўных грамадзянскіх сілаў краіны". "Разам мы зможам ажыццявіць усё задуманае нашымі папярэднікамі дзеля годнага жыцця нашага народа і росквіту Беларусі", — перакананыя аўтары дакумента.
25 сакавіка ў Мінску розныя арганізатары плануюць правесці серыю акцый. Так, 25 сакавіка сталічныя ўлады дазволілі правесці каля тэатра оперы і балета мітынг і святочны канцэрт. Заяўку на правядзенне гэтых мерапрыемстваў падалі прадстаўнікі Аб`яднанай грамадзянскай партыі, аб`яднання "БНФ "Адраджэнне", руху "За Свабоду", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і асветніцкай установы "Амарока".
7 сакавіка актывісты аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця па цэнтры горада.
Акрамя таго, 25 сакавіка пройдуць дазволеныя мясцовымі ўладамі мітынг і канцэрт у Каложскім парку ў Гродне, а таксама мітынг, вулічны фэст і канцэрт з кірмашом на плошчы Свабоды ў Брэсце.
Дэмакратычная грамадскасць Беларусі штогод адзначае 25 сакавіка Дзень Волі, паколькі ў гэты дзень у 1918 годзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.
Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 14 сакавіка 2018
Мінск, 14 сакавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/593/42836
Текущая дата: 26.12.2024