Белорусский портал в Казахстане

У серыі «Беларусь і Эдвард Вайніловіч» выйшла новая кніга



Пабачылі свет матэрыялы леташняй навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай знакамітаму беларускаму дзеячу, — «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч».

Праект «раскруткі» гэтага націкавейшага персанажа беларускай гісторыі другой паловы XІX — пачатку XX стагоддзя ўжо набывае ўсё болей шырокія абсягі. І гэта проста выдатна. Рэфарматар, патрыёт сваёй Айчыны, ён і зараз можа служыць прыкладам асобы, якая мела ўяўленні пра дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дасведчаны гісторык Аляксандр Каваленя, адкрываючы згаданую канферэнцыю ў Слуцку ў верасні мінулага года, зазначыў: «Упершыню апынуўшыся ў старажытным Слуцку ва ўзросце 14 гадоў, Эдвард Вайніловіч да канца жыцця захаваў вялікую любоў да гэтага горада. Ён напісаў шматлікія гістарычныя экскурсы пра Алелькавічаў, Радзівілаў, «персіярню», пратэстанцкія цэрквы і іншыя славутасці горада на Случы».

І далей: «Пра любоў Эдварда Вайніловіча да Случчыны сведчыць таксама і тое, што ён, атрымаўшы грунтоўную адукацыю ў Расіі, Германіі і Бельгіі прыехаў працаваць у свой родны Слуцкі павет. З`яўляючыся старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, Эдвард Вайніловіч ператварыў Случчыну ў адзін з самых паспяховых сельскагападарчых рэгіёнаў Усходняй Еўропы. У эксперыментальныя гаспадаркі Слуцкага краю прыязджалі пераймаць вопыт аграномы і землеўласнікі з Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны і Расіі. Безумоўна, Эдвард Вайніловіч зрабіў вялікі ўклад у справу сацыяльна-эканамічнага, духоўна-культурнага і грамадска-палітычнага развіцця Беларусі. Ён спалучаў у сабе глыбокі патрыятызм, шчырую хрысціянскую веру і руплівую працу на карысць роднага краю. Такі прыклад актуальны і сёння».

На канферэнцыі ў Слуцку выступілі з грунтоўнымі дакладамі, паведамленнямі гісторыкі Вадзім Аніпяркоў, Наталля Анофранка, Мікалай Волкаў, Аляксандр Ерашэвіч і шмат хто яшчэ. Акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Касцюк разгледзеў тэму эвалюцыі грамадскіх поглядаў і дзеянняў Эдварда Вайніловіча.

У 1917 годзе, адзначае М. Касцюк, Эдвард Вайніловіч працаваў у земскіх арганізацыях разам з дзеячамі беларускага руху — А. Смолічам, Р. Скірмунтам і інш., ім былі падтрыманы захады па ўтварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён удзельнічаў у пасяджэннях яе Рады.

Кніга матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Слуцку пабачыла свет у выдавецтве «Медысонт» у серыі «Беларусь і Эдвард Вайніловіч».

Аўтар: Мікола Берлеж
Звязда, 10 сакавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/594/42785
Текущая дата: 25.12.2024