Белорусский портал в Казахстане

У сучасным хутказменлівым свеце беларусам важна не страціць сваю ідэнтычнасць



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12-га студзеня ў час прыёму на стары Новы год.

Сучаснае пакаленне беларусаў жыве ў вельмі няпросты час. Гаворачы аб тым, як развіваецца Беларусь, аб яе становішчы ў бурлівым і хутказменлівым свеце, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў нас няма ніякай магчымасці адгарадзіцца ад негатыўных працэсаў.



"Трэба ўмець ім процістаяць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны навучыцца жыць у гэтым свеце, дзе трэба прыстасоўвацца, але ні ў якім разе не страціць сваю ідэнтычнасць, карані, ад якіх бярэ пачатак наша беларуская нацыя".

Закранаючы перспектывы, Прэзідэнт адкрыта і без усялякага папулізму адзначыў, што лёгка не будзе.

"І нават, напэўна, лягчэй не будзе, чым у мінулым, 2017-м або ў былыя гады. Але мы паставілі перад сабой амбіцыйныя задачы, і, чаго б гэта нам ні каштавала, мы павінны дасягнуць гэтых рубяжоў. Калі мы не будзем рабіць гэтага з года ў год, дні нашай беларускай дзяржаўнасці будуць злічаны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Як будзе развівацца краіна і якой ёй быць у будучым, залежыць ад кожнага грамадзяніна.

"Жыццё ў нас не цудоўнае і нават не добрае. Пакуль мы жывём цярпіма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі разлічваюць на паляпшэнне сітуацыі. Гаворачы пра адносіны да поспехаў краіны як унутры яе, так і за мяжой, кіраўнік дзяржавы нагадаў крылаты выраз: "Сумна, калі ў вас няма сяброў. Але яшчэ больш сумна, калі няма ворагаў".

"Напэўна, і тое, і другое ў нас ёсць. Значыць, мы яшчэ маем некаторыя перспектывы", - дадаў ён.

Такія сустрэчы напярэдадні старога Новага года сталі добрай традыцыяй. На прыём запрошаны прадстаўнікі СМІ і творчай інтэлігенцыі - паспяховыя, прыгожыя, натхнёныя людзі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ад іміджу такіх людзей шмат у чым залежыць, як будуць думаць пра народ у цэлым. Разам з тым публічнасць і папулярнасць - гэта вялікая адказнасць, цяжкая ноша, сказаў Прэзідэнт.

"Вы - аблічча нашай нацыі і павінны быць узорам для пераймання, стаць сапраўдным носьбітам культуры, этыкету, стылю. Знакамітым персонам - работнікам тэлебачання, культуры і мастацтва, спартсменам - пад сілу ствараць моду на здаровы лад жыцця, на глыбокія веды, фарміраваць пачуццё гонару за свой народ. У гэтым заключаецца іх місія", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Перш чым уручыць дзяржаўныя ўзнагароды, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў жыцці людзей творчых прафесій няма такіх паняццяў, як выхадны, свята. Менавіта яны гэтыя святы і ствараюць.

Ён падзякаваў творчай эліце за ўсё, што было зроблена ў мінулым годзе, і пажадаў вялікіх поспехаў у годзе бягучым. Падзяк Прэзідэнта і дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі СМІ за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм пры асвятленні важнейшых падзей сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця краіны, стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы і развіццё беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне тэлебачання і радыё.

Ордэн Францыска Скарыны ўручаны дырэктару Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі Уладзіміру Пярцову.

Медаля Францыска Скарыны ўдастоена загадчык аддзела палітычных аглядальнікаў галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вольга Макей.

Падзякай Прэзідэнта адзначаны заслугі шэрага работнікаў СМІ, у тым ліку прадстаўнікоў БЕЛТА, Белтэлерадыёкампаніі, МТРК "Мір", ЗАТ "Другі нацыянальны канал" і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".

За значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага эстраднага мастацтва ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" атрымаў Аляксандр Саладуха.

12 студзеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/595/42107
Текущая дата: 15.11.2024