Традыцыйна 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. І хоць свята нельга аднесці да звыклых, у Мінску пройдзе вялікая колькасць мерапрыемстваў з яго нагоды.
Тыдзень роднай мовы ў Акадэміі навук
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі арганізуе цэлы тыдзень святочных мерапрыемстваў. Пачаліся святкаванні 19 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, дзе прайшоў навукова-практычны семінар па славістычнай бібліяграфіі ў інтэрнэце.
21 лютага ў 10:00 пачне работу Міжнародная навуковая канферэнцыя "Беларуская мова ў сферы sасrum: гісторыя і сучаснасць", удзельнікі якой абмяркуюць функцыянаванне беларускай мовы ў рэлігійнай сферы жыцця.
У гэты ж дзень у Інстытуце мовазнаўства ў 14:00 прадставяць юбілейнае выданне "Псалтыра" у перакладзе на сучасную беларускую літаратурную мову. Выданне падрыхтавалі вядомыя ў краіне навукоўцы — доктар філалагічных навук прафесар Мікалай Прыгодзіч, кандыдат гістарычных навук, магістр тэалогіі Уладзіслаў Завальнюк і настаўнік-беларусавед Валянціна Раманцэвіч.
22 лютага ў 18:30 Інстытут мовазнаўства сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа зладзіць імпрэзу "Па старонках Гістарычнага слоўніка беларускай мовы". На мерапрыемстве выступяць аўтары слоўніка, а таксама дуэт CАRKА.
Сустрэчы з пісьменнікамі і лінгвістычныя дыскусіі ў БДУ
Тыдзень роднай мовы ладзяць таксама і у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Тут мерапрыемствы стартуюць 21 лютага з творчай сустрэчы з пісьменнікам, паэтам, публіцыстам, крытыкам, дырэктарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" Алесем Бадаком. Пачатак у 12:45.
Святкаванне працягнецца 22 лютага акцыяй "Дзень беларускага перакладу", якая прысвечана выданню ў перакладзе на беларускую мову тэкстаў Новага Запавету і Псалтыра.
Таксама падчас тыдня роднай мовы студэнтаў і выкладчыкаў чакаюць гульня "Філалогія і Я", лінгвістычная гасцёўня "Беларуска-кітайскі дыялог", сустрэча з беларускім паэтам Міколам Мятліцкім і майстар-клас "Этыкет па-кітайску".
Кропкай святочнага тыдню стане лінгвістычна-мастацка-дыскусійная гасціная "Яны змаглі, а ТЫ зможаш?". Удзельнікі абмяркуюць папулярызацыю беларускай мовы сярод моладзі. Сваім вопытам у вырашэнні гэтага пытання падзеліцца з аўдыторыяй сузаснавальнік камунікацыйнай кампаніі GBS Дзмітрый Гмыза.
Дыктоўка па творах Якуба Коласа — у музеі
Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае прыняць удзел у акцыі "Дзясятка за Коласа". Удзельнікі акцыі павінны будуць напісаць дыктоўку па творах знакамітага аўтара і вызначыць, з якога твора ўзяты ўрывак. Усім, хто напіша на дзесяць балаў і правільна назаве твор Якуба Коласа, музей абяцае памятныя сувеніры.
Спевы на роднай мове — у Арт Сядзібе
Арт Сядзіба традыцыйна ладзіць Свята роднай мовы. Арганізатары хочуць паказаць, што "беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы". У праграме — выступы гуртоў Rahis, MIKITA, Бяз Назвы, The Superbullz.
Уваход вольны, але жадаючым трэба запісацца.
Лекцыі пра пісьменнікаў — у музеі літаратуры
Лекцыі пра беларускіх пісьменнікаў, разнастайныя інтэрактыўныя заняткі і экскурсіі з цікавымі фактамі пра беларускую мову чакаюць гасцей Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры 21 лютага.
Калі вы захочаце прыйсці і правесці Дзень роднай мовы ў гэтым музеі, трэба папярэдне запісацца па тэлефоне (017) 334-56-21.
Юлія Хвошч, Мінск
Sputnik, 20 лютага 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/596/42603
Текущая дата: 25.12.2024