Навагодні зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа.
Дарагія сябры!
Непрыкметна, але ўпэўнена і немінуча надыходзіць Новы, 2018 год. У гэтыя хвіліны асабліва адчувальна, які мімалётны час.
Так, галоўная адметнасць нашага часу - яго імклівы бег. Ісці крокам сёння раўназначна спыненню, стаяць - гэта адступаць назад. Мы пастаянна некуды спяшаемся, многае абавязаны паспець, каб наперадзе замаячыў той самы, жаданы вынік.
Зрэшты, і ў бурным патоку гэтага жыцця прытармазіць часам усё ж неабходна - хоць на імгненне - каб убачыць, ацаніць, падумаць аб важным і сказаць добрыя словы.
Пераднавагоднія хвіліны - менавіта такое імгненне. Цяпер, калі да бою гадзінніка застаецца зусім няшмат часу, успамінаем галоўнае, думаем пра будучыню.
У адыходзячым годзе намі прыняты рашучыя меры па ўдасканаленні эканомікі, што немінуча прывядзе да змянення нашага грамадства. Мы рызыкнулі зазірнуць за гарызонт, паставілі перад краінай мэты заўтрашняга дня. Дасягнуць іх - справа многіх гадоў!
У сувязі з гэтым мой зварот да моладзі: дзейнічайце, стварайце! Для вас адкрыты ўсе дзверы! Вы абавязаны ўзяць гэту неймаверна цяжкую вышыню. За вамі будучае краіны!
А вам, старэйшаму пакаленню, думаць пра спакой не атрымаецца. Вы нам патрэбны асабліва цяпер. Патрэбны ваш вопыт, веды, мудрасць. Менавіта вы павінны дапамагчы маладым у працэсе складанага руху наперад, уберагчы іх ад неабгрунтаванага імкнення зрабіць усё за імгненне, небяспекі адарвацца ад рэальнага жыцця і змарнаваць час.
Цяпер дарагі кожны дзень для стваральнай працы. Наперадзе ў нас шмат важных спраў ва ўсіх сферах жыцця краіны.
І будучы год - пярэдадзень вялікіх спартыўных падзей міжнароднага маштабу. Да нас прыедуць тысячы гасцей. І як сапраўдныя гаспадары беларускай зямлі мы аб`яднаемся і прывядзём наш агульны дом у належны парадак.
Беларусь заўсёды славілася чысцінёй, добраўпарадкаванасцю гарадоў і вёсак, гасціннасцю людзей. Але цяпер нам трэба перасягнуць саміх сябе. Трэба зрабіць краіну ўзорнай. Каб кожны госць надоўга захаваў у душы цёплыя ўспаміны аб ёй. Каб мы маглі яшчэ больш ганарыцца сваёй Радзімай - дагледжанай, утульнай для жыцця, дружалюбнай і паважанай у свеце.
Менавіта за такую краіну - свабодную, незалежную - нашы продкі змагаліся, каб мы, хто жыве на гэтай зямлі, былі тут сапраўднымі гаспадарамі.
Пераемнасць, павага да заслуг кожнага чалавека, роўнасць і справядлівасць - асноўныя прынцыпы нашай дзяржавы.
Беларусь - краіна, накіраваная ў будучыню! Аснова нашага развіцця - высокія тэхналогіі, навука. Гэта так! Але заўсёды будзе запатрабавана праца рабочага і селяніна. Дзякуючы іх старанням мы сёння за багатым святочным сталом.
Дарагія сябры!
Галоўным здабыткам беларускай зямлі былі і застаюцца людзі. За ўсімі дасягненнямі стаіце менавіта вы - разумныя, таленавітыя, мэтанакіраваныя.
Тыя, хто штодзень змагаецца за жыццё і здароўе кожнага свайго пацыента.
Хто стаіць на варце закону і парадку, ахоўвае граніцы, забяспечвае абарону і бяспеку нашай краіны, займае дзяржаўныя пасады.
Хто працуе ў шахтах і заводскіх цэхах, на будаўнічых пляцоўках і ў сельскай гаспадарцы.
Хто гадуе і выхоўвае дзяцей, паспяхова перадае веды школьнікам і студэнтам, развівае навуку.
Хто сваёй творчасцю або спартыўнымі поспехамі праслаўляе Радзіму.
Асобныя віншаванні тым, хто сустракае Новы год не за сямейным сталом, а на рабочым месцы. Няхай гэта ноч будзе для вас спакойнай і святочнай.
Дарагія сябры!
Праз лічаныя секунды мы адкрыем новую главу свайго жыцця. Пакуль усе яе 365 старонак чыстыя. А што будзе ўпісана ў нашу гісторыю - залежыць ад кожнага з нас.
Ад усёй душы я жадаю, каб надыходзячы год стаў мірным, паспяховым і шчаслівым.
Будзьце шчодрымі на пачуцці, дарыце сваім родным і блізкім самае дарагое - цеплыню сэрцаў, увагу і клопат. І няхай вашы дамы напоўняцца святлом любові і дабра!
Шчасця вам, дарагія сябры!
З Новым годам, Беларусь!
Звязда, 1 студзеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/599/41881
Текущая дата: 15.11.2024