Гэты дзень з`яўляецца дзвесце восемдзесят восьмым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 78 дзён.
Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Якія яшчэ падзеі адбыліся 14 кастрычніка і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 14 кастрычніка
У 1773 годзе ў Рэчы Паспалітай была створана Адукацыйная камісія — першае ў свеце міністэрства адукацыі.
У 1964 годзе Леанід Брэжнеў становіцца кіраўніком СССР.
У 1999 годзе быў створаны беларускі заказнік Выдрыца.
Хто нарадзіўся 14 кастрычніка
1899 год: Адам Бабарэка, беларускі пісьменнік і крытык, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў "Маладняк" і "Узвышша".
1929 год: Уладзімір Лемяшонак, беларускі гісторык.
1946 год: Мікалай Сакалоў, беларускі гісторык.
1981 год: Руслан Аляхно, беларускі спявак.
Таксама сёння нарадзіліся заснавальнік іспанскай інквізіцыі Томас Тарквемада і савецкі палкаводзец Андрэй Яроменка.
14 кастрычніка ў народным календары
Сёння Праваслаўная царква святкуе Пакровы Прасвятой Багародзіцы – адно з найбольш шанаваных у народзе свят. Яно было ўстаноўлена ў гонар падзеі, якая адбылася ў Канстанцінопале ў 910 годзе.
У той час горад быў у аблозе, і яго жыхары малілі бога аб дапамозе. Падчас службы блажэнны Андрэй і яго вучань сталі сведкамі з`яўлення Божай Маці, якая падняла сваё галаўное покрыва мафорый над людзьмі ў знак свайго заступніцтва.
Гэта свята таксама называюць Трэцяй Прачыстай. У народзе гавораць: "Прышлі Пакровы і запыталі: "Да зімы гатовы?". Ішоў вясельны перыяд – Вясельніца, якая доўжылася да 28 лістапада – піліпаўскага посту, падчас якога ўжо нельга было брацца шлюбам. У гэты час казалі: "Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, птаху пяром, дзеўку чапцом".
Лічылася, што зямля "закрываецца" ад Пакроваў і да вясны ніхто не зможа знайсці скарбаў да Юр`ева дня. Таксама лічылася, што на Пакровы трэба даць сена карове, нават калі яслі стаяць поўныя. У хатах тапілі печы і пеклі бліны.
Пра надвор`е казалі, што якое яно будзе на Пакровы, такое пратрымаецца ўсю зіму.
Sputnik, 14 кастрычніка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/6/75548
Текущая дата: 15.11.2024