Вернікі і ўсе неабыякавыя да гісторыі і культуры нашай Бацькаўшчыны і яе архітэктурнай спадчыны, якая з’яўляецца набыткам усяго беларускага народа, з трывогаю сочаць за лёсам касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.
Сітуацыя, якая склалася вакол святыні, пабудаванай за кошт ахвяраванняў бабруйскіх католікаў у 1906 г., выклікае ўсё большую занепакоенасць. Рэч у тым, што пяціпавярховы будынак, прыбудаваны да касцёла ў 1963 г., ужо два гады як з’яўляецца фактычна безгаспадарным і пачынае паступова разбурацца, што стварае небяспеку і для самой святыні, і для шматлікіх вернікаў, якія штодзённа ў ёй збіраюцца.
Пазіцыя бабруйскай парафіі і іерархаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па пытанні застаецца нязменнай: незаконна ўзведзеная прыбудова павінна быць разабраная, пасля чаго вернікі змогуць распачаць рамонт сваёй святыні і вярнуць ёй першапачатковы выгляд, а гораду — прыгожую пярліну неагатычнай архітэктуры. З такой прапановай мясцовыя парафіяне і неабыякавыя бабруйчане неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
І вось, нарэшце, з’явіліся пэўныя зрухі ў складанай сітуацыі вакол святыні. З Адміністрацыі Прэзідэнта бабруйскія парафіяне атрымалі адказ на свой зварот, у якім паведамляецца, што Магілёўскаму абласному выканаўчаму камітэту даручана вывучыць сітуацыю з выездам на месца. Застаецца толькі чакаць, што спецыялісты з аблвыканкама, узяўшы пад увагу просьбу людзей, як найхутчэй прымуць кампетэнтнае рашэнне па гэтым набалелым пытанні і яно будзе паспяхова вырашана ў інтарэсах бабруйскіх вернікаў і ўсіх жыхароў горада на Бярэзіне.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за магілёўскую частку архідыяцэзіі, просіць усіх аб малітве да Бога праз заступніцтва Беззаганнай Панны Марыі ў гэтай інтэнцыі.
Catholic.by, 23 студзеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/602/42247
Текущая дата: 27.12.2024