Белорусский портал в Казахстане

Рэдкую саву з Чырвонай кнігі ўпершыню зарэгістравалі ў Мінску



Такая інфармацыя размешчана на старонцы арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" ў сацыяльных сетках.

Рэдкую саву з Чырвонай кнігі - даўгахвостую няясыць - упершыню зарэгістравалі ў Мінску. Як адзначыў дырэктар арганізацыі Аляксандр Вінчэўскі, каля Мінска месц гнездавання даўгахвостай няясыці няма.

Бліжэйшым месцам, якое ведаюць арнітолагі, з`яўляецца Бярэзінскі запаведнік. Гэты від птушкі занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 года. Першыя фота птушкі, якую мінчане ўбачылі ў парку 60-годдзя Кастрычніка, былі дрэннай якасці. Тады арнітолагі выказалі меркаванне, што гэта касманогі сыч, а пасля прыйшлі да іншай высновы.

Даўгахвостая няясыць - вялікая сава, па памеры ўступае толькі філіну і барадатай няясыці. Даўжыня цела 49-62 см, размах крылаў 115-140 см. Афарбоўка светла-шэрая, у агульным абліччы вылучаецца доўгі паласаты хвост.

Гэты падвід, які жыве ў Беларусі, распаўсюджаны ад паўночна-заходняй часткі Скандынаўскага паўвострава праз паўночна-заходнюю Еўропу да цэнтральнай Расіі.

Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа суцэльнага гнездавога арэала віду. Беларускі ўчастак арэала даўгахвостай няясыці ахоплівае Віцебскую вобласць, паўночную і цэнтральную часткі Мінскай, паўночную частку Гродзенскай і паўночна-заходнюю частку Магілёўскай вобласці. Найбольш паўднёвая знаходка зарэгістравана ў Налібоцкай пушчы (Навагрудскі раён). Найбольш буйныя гнездавыя групоўкі сканцэнтраваны ў Віцебскай вобласці.

22 лістапада 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/604/41269
Текущая дата: 15.11.2024