Белорусский портал в Казахстане

Беларускі фільм "Тум-Пабі-Дум" выходзіць у пракат з 25 студзеня



Аб гэтым паведамілі на кінастудыі.

Мастацкі фільм "Тум-Пабі-Дум" вытворчасці "Беларусьфільм" рэжысёра Вячаслава Нікіфарава выходзіць у пракат з 25 студзеня.

 Папярэдні графік пракату ўключае паказы ў кінатэатрах Мінска, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей з 25 студзеня па 28 лютага, аднак інфармацыя будзе ўдакладняцца.

"Тум-Пабі-Дум" - гэта добрае кіно для сямейнага прагляду пра выхаванца дзіцячага дома. Дзесяцігадовы Сан Саныч вырашае знайсці бацькоў для сябе і сваёй падапечнай Алесі. Ён дае аб`яву ў інтэрнэце: "Маладое дзіця шукае сям`ю ў мэтах уладкавання асабістага жыцця".



У выніку хлопчык вымушаны гуляць па дарослых законах, што ставіць яго перад сур`ёзным маральным выбарам. Паводле задумы рэжысёра, дзіця ў карціне размаўляе з дарослымі на іх мове, выкарыстоўваючы іх маральныя стэрэатыпы, лексіку. Гэта дасць магчымасць дарослым іншымі вачамі паглядзець як на сваіх дзяцей, так і на сябе саміх.

Сцэнарый фільма напісалі Дзмітрый Міхлееў, Вячаслаў Нікіфараў. У ролях: Арцём Венгеровіч, Павел Харланчук, Дар`я Кірэева, Валерыя Арланава, Сяргей Чэкерэс, Вольга Клебановіч, Аляксей Шадзько. Вячаслаў Нікіфараў - кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1986). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларускай ССР (1978), расійскай кінапрэміі "Залаты арол" (2016).

12 студзеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/604/42130
Текущая дата: 27.12.2024