Малюнак сярэднявечнага ваяра адлюстроўвае геральдычны сімвал Магілёва - цэнтра раёна, які адносіцца да ХVII стагоддзя, тым самым візуальна аб`ядноўваючы гарадскі і раённы гербы.
Праекты герба і сцяга Магілёўскага раёна зацверджаны на сесіі раённага Савета дэпутатаў. Распрацоўка геральдычных сімвалаў ажыццяўлялася з улікам гісторыка-культурных асаблівасцяў Прыдняпроўскага краю, законаў і правілаў геральдыкі, паведамілі ў прэс-службе Магілёўскага аблвыканкама.
Герб Магілёўскага раёна ўяўляе сабой скандынаўскі шчыт, скошаны хвалістай двайной перавязю злева, верхняя срэбраная частка якой складае 1/3 блакітнай ніжняй. У правым блакітным полі — фігура срэбнага рыцара, намаляванага з мячом таго ж металу ў паднятай руцэ.
"Малюнак сярэднявечнага ваяра ў даспехах адлюстроўвае геральдычны сімвал горада Магілёва — цэнтра раёна, які адносіцца да ХVII стагоддзя, тым самым візуальна аб`ядноўваючы гарадскі і раённы гербы", — патлумачылі ў аблвыканкаме.
У левым залатым полі размешчаны тры кветкі лёну блакітнага колеру з залатой сэрцавінай. Умоўны малюнак лёну — сімвал адной з культур, якія традыцыйна вырошчваюцца ў раёне, алегорыя карпатлівай працы, цярпення, творчасці і шматвяковай запатрабаванасці ў жыцці беларусаў.
"Двайная перавязь злева адлюстроўвае водную стыхію Магілёўскага раёна. Шырокая частка блакітнага колеру сімвалізуе раку Днепр, а срэбная частка перавязі перадае чыстую ваду помніка прыроды рэспубліканскага значэння — Палыковіцкай крыніцы", — дадалі ў прэс-службе.
Сцяг Магілёўскага раёна спраектаваны на аснове герба з выкарыстаннем яго гербавага сюжэту, кветак і металаў.
Таксама былі зацверджаны праекты Палажэнняў аб гербе і сцягу, прадстаўлена спадарожная атрыбутыка: вымпел, харугва, нагрудны знак "За ўклад у развіццё Магілеўскага раёну".
"Прынята рашэнне накіраваць праекты геральдычных знакаў у Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на прадмет адпаведнасці ўстаноўленым патрабаванням заканадаўства і для правядзення абавязковай геральдычнай экспертызы", — рэзюмаявалі ў Магілёўскім аблвыканкаме.
Магілёўскі раён як тэрытарыяльная адзінка быў утвораны 17 ліпеня 1924 года пастановай сесіі Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР шостага склікання. На сённяшні дзень у яго склад уваходзіць 279 сельскіх населеных пунктаў, аб`яднаных у 16 сельскіх саветаў. У цяперашні час рэгіён выкарыстоўвае сімволіку Магілёўскай вобласці.
Мінск, 16 лістапада 2017
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/605/41176
Текущая дата: 15.11.2024