Нацыянальны банк Беларусі 1 кастрычніка знізіў з 20 да 10% памер абавязковага продажу выручкі ў замежнай валюце суб`ектамі гаспадарання — рэзідэнтамі.
Як растлумачылі ў Нацбанку, рашэнне прынятае ў межах рэалізацыі паслядоўнай палітыкі лібералізацыі валютных адносін і з улікам стабільнай сітуацыі на валютным рынку, якая доўгі час характарызуецца ўстойлівым перавышэннем прапановы замежнай валюты над попытам на яе.
"Чарговае зніжэнне нарматыву абавязковага продажу выручкі ў замежнай валюце будзе спрыяць развіццю экспартнага патэнцыялу суб`ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь і стане паслядоўным крокам у напрамку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)", — гаворыцца ў паведамленні галоўнага банка краіны.
Нарматыў абавязковага продажу замежнай валюты ў Беларусі быў паніжаны ў жніўні 2016 года з 30 да 20%. Калі да жніўня мінулага года прадпрыемствы павінны былі канвертаваць у беларускія рублі амаль траціну экспартнай выручкі, то з верасня 2016 года — толькі пятую частку.
Стратэгія развіцця фінансавага рынку да 2020 года, зацверджаная сумеснай пастановай урада і Нацбанка, прадугледжвае лібералізацыю валютнай сістэмы, у тым ліку "паэтапнае зніжэнне нормы аб абавязковым продажы суб`ектамі гаспадарання — рэзідэнтамі замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку".
На думку ўдзельнікаў фінансавага рынку, абавязковы продаж валюты з`яўляецца страховачным механізмам для дзяржавы, які дазваляе гарантаваць устойлівую прапанову замежнай валюты ў выпадку росту дэвальвацыйных чаканняў.
Разам з тым раней Беларусь у межах ЕАЭС узяла на сябе абавязацельствы адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі. Як адзначаюць эксперты, на валютным рынку і ў плацежным балансе павінна складвацца спрыяльная сітуацыя, каб дзяржава магла цалкам адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі.
У 2018 годзе ў Беларусі плануюць цалкам адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 1 кастрычніка 2017
Мінск, 1 кастрычніка 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/609/40842
Текущая дата: 15.11.2024