Белорусский портал в Казахстане

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года прадставяць на выставе ў Мінску



Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года будзе экспанавацца на выставе "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукаваныя кнігі", прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і пяцігоддзю вяртання аднаго з экзэмпляраў знакамітага Статута ВКЛ, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі ў музеі.

У гасцей выставы, якая адкрыецца 1 верасня, з`явіцца магчымасць убачыць вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэдніка еўрапейскіх Канстытуцый - Статут ВКЛ 1588 года.

Кніга была выдадзена на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў у Вільні. Тысячы статутаў, якімі карысталіся продкі беларусаў, былі страчаны, але ў 2012 годзе дзякуючы ахвяраванням адзін з экзэмпляраў быў выкуплены.

Вяртанне на радзіму вядомага выдання стала працягам шматвяковай традыцыі мецэнацтва на Беларусі. Адкрыццём для гасцей стануць рэдкія выданні Магілёўскай кансісторскай друкарні XVIII стагоддзя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія будуць выстаўлены ўпершыню, а таксама зменшаная копія друкарскага станка, які існаваў у час Скарыны, зробленая вучнем мінскай гімназіі Маркам Кодзеневым.

Дзейнасць Францыска Скарыны аказала вялікі ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі, ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах, таму экспазіцыя "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукаваныя кнігі" дае магчымасць зазірнуць у свет старадаўніх і рэдкіх выданняў з друкарань Полацка, Нясвіжа, Гродна, Магілёва, Вільнюса.

Выстава арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з музеем гісторыі Магілёва і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

21 жніўня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/616/40467
Текущая дата: 15.11.2024