Белорусский портал в Казахстане

Які сёння дзень: 18 студзеня 2024 года



Гэты дзень з`яўляецца васемнаццатым па грыгарыянскім календары, а да канца года засталося 348 дзён.

Якія падзеі адбыліся 18 студзеня і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:

Гістарычныя падзеі 18 студзеня

У 1401 годзе ў Вільні Вітаўт разам з епіскапамі, князямі і баярамі ВКЛ выдаў першыя акты Віленска-Радамскай уніі.
У 1921 годзе было заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі.

Хто нарадзіўся 18 студзеня

1882 год: Іосіф Лангбард, беларускі савецкі архітэктар.
1895 год: Лявон Більдзюкевіч, беларускі педагог, матэматык.
1903 год: Аляксандр Фурсенка, беларускі навуковец-палеантолаг.

Таксама сёння нарадзіліся англійскі пісьменнік Алан Аляксандр Мілн, англа-амерыканскі акцёр Кэры Грант і амерыканскі акцёр Кевін Костнер.

18 студзеня ў народным календары

Сёння ў праваслаўных вернікаў Вадохрышчанская куцця, або Галодны вечар. У гэты час прыпыняліся застоллі і гулянні, людзі рыхтаваліся да посту, варылі прэсную куццю без алею і тварагу.
Сёння апошні вечар, калі дзяўчыны маглі паваражыць на нарачонага. Існавала шмат спосабаў даведацца пра свой лёс. Напрыклад, трэба было зняць з нагі абутак і кінуць яго за плот – у які бок ён лёг наском, адтуль і будзе жаніх.

Таксама перад сном дзяўчыны часалі валасы і клалі грэбень пад падушку са словамі: "Хто прыйдзе і мяне прычэша?". У сне павінен быў з`явіцца нарачоны.

Напярэдадні Вадохрышча нельга прыбіраць у хаце, мыць бялізну, сварыцца і крыўдзіць каго-небудзь. Нельга таксама пазычаць грошы.

Калі 18 студзеня ішоў снег, гэта было добрым знакам – будзе добры ўраджай мёду. Але завіруха прадвяшчала, што і праз тры месяцы будзе снег.

Sputnik, 18 студзеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/62/72166
Текущая дата: 16.11.2024