Белорусский портал в Казахстане

З 19 ліпеня Нацбанк РБ зніжае стаўку рэфінансавання да 12% гадавых



Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне знізіць з 19 ліпеня стаўку рэфінансавання з 13 да 12% гадавых, а таксама ставак па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў з 15 да 14% гадавых.

Такое рашэнне прынятае па выніках праведзенага штоквартальнага пасяджэння праўлення Нацбанка па пытаннях ацэнкі і прагнозу тэндэнцый у эканоміцы, знешнім сектары і грашова-крэдытнай сферы з улікам замацавання станоўчых тэндэнцый у эканоміцы, паведамляе прэс-служба Нацбанка.

У паведамленні адзначаецца, што інфляцыя захоўваецца на нізкім узроўні. Паводле ацэнкі, у чэрвені 2017 года ў гадавым вымярэнні яна складзе каля 6,2%. Пры гэтым назіраецца аднастайнасць дынамікі інфляцыі па таварных групах, што сведчыць аб павышэнні ўстойлівасці яе запаволення. Гэта пацвярджае і дынаміка базавай інфляцыі, якая ў чэрвені 2017 года ацэньваецца на ўзроўні каля 5,3% у гадавым выражэнні.

Паводле інфармацыі рэгулятара, замацаванню гэтых тэндэнцый спрыяюць ўмераныя тэмпы росту грашовай прапановы, пазітыўныя змены ў збалансаванасці плацежнага балансу і ўстойлівасць валютнага рынку.

У чэрвені 2017 года прырост сярэдняй шырокай грашовай масы па-ранейшаму складзе каля 5% у гадавым выражэнні. Чыстая прапанова замежнай валюты, якая захоўваецца на ўнутраным валютным рынку, станоўча ўплывае на ўзровень золатавалютных рэзерваў і забяспечвае стабільнасць абменнага курсу беларускага рубля.

"На гэтым фоне працягваецца запаволенне інфляцыйных чаканняў, што спрыяльна адаб`ецца на інтэнсіўнасці росту цэн у найбліжэйшыя месяцы. Магчымасці далейшага зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы будуць вызначацца устойлівасцю памяншэння інфляцыйных рызык", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Стаўка рэфінансавання зніжаецца шосты раз з пачатку гэтага года, калі яна складала 17% гадавых.

Першапачаткова афіцыйны гадавы прагноз Нацбанка прадугледжваў, што інфляцыя па выніках года знізіцца да 9%, а стаўка рэфінансавання — да 14%.

У 2016 годзе Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 28 чэрвеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/628/39794
Текущая дата: 15.11.2024