Белорусский портал в Казахстане

Віншаванне з Днём Волі



Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў з галоўным нацыянальным святам – Днём Волі!

Шаноўныя сябры!

У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 года, беларускі народ абвясціў дзяржаўную незалежнасць, здабыў права гаспадарыць на ўласнай зямлі.

І хаця за дзевяноста дзевяць гадоў пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі далёка не ўсе ідэалы, закладзеныя яе стваральнікамі, атрымалася ажыццявіць, сёння Беларусь з’яўляецца незалежнай дзяржавай. 

Тым не менш, у нас па-ранейшаму ёсць прычыны для непакою. Як здаралася і ў мінулыя гады, шмат хто з мужных і адданых сваёй краіне беларусаў сустракае гэтае свята за кратамі. Але тысячагадовая гісторыя нашай Бацькаўшчыны – гэта гісторыя гераічнага пераадолення цяжкіх выпрабаванняў, і мы ўсім сэрцам верым, што пераможам і цяпер, бо рухаемся ў адзіна правільны бок – да пабудовы дэмакратычнай Беларусі.

Мы жадаем, каб усе суродзічы, на Радзіме і за яе межамі, адчулі сябе ў гэты дзень неад’емнай часткай сусветнай беларускай грамады, каб кожнаму з нас ставала моцы і імпэту будаваць нашу агульную Беларусь і набліжаць той час, калі Дзень Волі стане агульнанацыянальным святам. 

Жыве Беларусь!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
zbsb@list.zbsb.org
25 сакавіка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/640/38939
Текущая дата: 16.11.2024