11 лютага Жадан сустрэўся з прадстаўніком МУС Беларусі, які паведаміў яму, што забарона на ўезд у Беларусь будзе ануляваная найбліжэйшым часам.
Украінскі пісьменнік лічыць, што дасягнуць гэтага ўдалося дзякуючы міжнароднаму рэзанансу і салідарнасці, а таксама прынцыповай пазіцыі афіцыйнага Кіева. "Тое, што пытанне пазітыўна вырашылася, — гэта добрае сведчанне, што супярэчнасцяў паміж намі няма. Вельмі разлічваю, што гэта не тэндэнцыя, а выпадак", — пракаментаваў Жадан.
Сяргей Жадан прыбыў у Мінск для ўдзелу ў VI Міжнародным паэтычным фестывалі імя Міхася Стральцова "Вершы на асфальце", які адкрыўся 10 лютага.
Раніцай 11 лютага стала вядома, што Жадану паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на няпэўны тэрмін. Паводле слоў пісьменніка, прыблізна а другой гадзіне ночы да яго ў нумар гатэля ў Мінску уварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянеры даставілі Жадана ў аддзяленне, а затым адвезлі ў Ленінскае РУУС. Ноч пісьменнік правёў у ізалятары.
"У Ленінскім зноў прабівалі па базе, нарэшце растлумачылі — аказваецца, мне яшчэ ў 2015-м забаронены ўезд на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі з фармулёўкай "за дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". А паколькі Беларусь і Казахстан знаходзяцца з РФ у адной візавай зоне, то забарона аўтаматычна пераходзіць і на Беларусь з Казахстанам. І калі немагчымасць трапіць у Казахстан я яшчэ неяк перажыву, то за Беларусь крыўдна", — напісаў у сацсетках Сяргей Жадан.
Гэтая навіна стала міжнародным скандалам. Пасла Беларусі ва Украіне выклікалі ў Міністэрства замежных спраў. Кіраўнік украінскага МЗС патэлефанаваў міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею. Украіна ў знак салідарнасці з Жаданам закрыла свой стэнд на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску.
На працягу 11 лютага Жадан планаваў пакінуць Беларусь, але з ім сустрэўся прадстаўнік МЗС, забраў яго пашпарт і паабяцаў, што дакумент неўзабаве вернуць з адменай забароны на ўезд.
"Я лічу, што рашэнне адмянілі дзякуючы націску беларускага грамадства, прынцыповай пазіцыі кіраўніцтва Украіны і міжнароднаму рэзанансу. Гэты выпадак сведчыць, што якім бы моцным ні быў аўтарытарны рэжым, грамадства мацнейшае і ў Беларусі зрухі да дэмакратыі ўсё ж такі адбываюцца", — заявіў у каментары Жадан.
Сяргей Жадан — вядомы ўкраінскі паэт, празаік, эсэіст, перакладчык. Жыве і працуе ў Харкаве. Рэгулярна выступае са сваімі творамі ў розных гарадах Украіны і Еўропы, у тым ліку ў суправаджэнні украінскіх музыкантаў (у прыватнасці гурту "Сабакі ў космасе").
З`яўляўся актыўным удзельнікам харкаўскага Еўрамайдана, у сакавіку 2014 года пацярпеў падчас сутыкненняў паміж прыхільнікамі і праціўнікамі гэтага руху.
У 2016 годзе быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй "Украінская кніга года", сродкі ад якой накіраваў на дапамогу дзіцячым установам Луганскай вобласці.
БелаПАН
Мінск, 12 лютага 2017
Мінск, 12 лютага 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/645/38648
Текущая дата: 16.11.2024