Белорусский портал в Казахстане

"Белгазпрамбанк" вярнуў у Беларусь кнігу Скарыны



На сёння гэта адзіны экзэмпляр дадзенай кнігі ў Беларусі.

У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання карпаратыўную калекцыю "Белгазпрамбанка" папоўніў помнік нацыянальнай кніжнай культуры — "Малая падарожная кніжка", надрукаваная Францішкам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе.

Эксперты лічаць менавіта яе першай кнігай, выдадзенай на беларускіх землях, паведамляецца ў прэс-рэлізе банка. 

У 1520 годзе Францыск Скарына прыехаў у Вільню і пры падтрымцы бурмістра Якуба Бабіча ў 1522 годзе выдаў "Малую падарожную кніжку", а ў 1525 годзе — "Апостал".

"Малая падарожная кніжка" (таксама называецца "кніжыцай") з`яўляецца "часасловам для міран", гэта значыць зборам царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў: "Псалтыр", "Часасловец", "Шасцідневец", "саборнікі", акафісты, каноны. Гэта больш, чым проста адно выданне: 18 кніг, сабраных разам у адзін пераплёт. Яны ўпрыгожаныя ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі. Дзевяць кніг маюць пасляслоўе самога Скарыны.

Поўных экзэмпляраў "Малой падарожнай кніжкі" не захавалася. Найбольш поўныя экзэмпляры маюцца ў бібліятэках Масквы, Капенгагена і Санкт-Пецярбурга; самыя поўныя — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (20 кніг), у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене (18 кніг).

"Вяртанне дадзенага ўнікальнага нацыянальнага артэфакта на радзіму менавіта ў год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — неардынарная і знакавая падзея не толькі для банка, але і для ўсёй краіны. Гэта дае нам магчымасць прадэманстраваць адзінства беларускай і еўрапейскай культур, якое прайшло скрозь стагоддзі", — адзначыў кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка.

У 2017 годзе адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання: 6 жніўня 1517 года выйшаў "Псалтыр", выдадзены Францыскам Скарынам у Празе.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 16 лютага 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/645/38678
Текущая дата: 16.11.2024