Белорусский портал в Казахстане

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі разглядае сітуацыю, звязаную з прыпыненнем будаўніцтва новага храма ў мінскім скверы Котаўка, як яго пераслед з боку прадстаўнікоў экалагічных арганізацый



Пра гэта на сустрэчы з журналістамі 22 снежня ў Мінску заявіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

"Гэта смутная гісторыя, — заявіў каталіцкі іерарх. — З тых каментараў, якія я чытаў, людзі кажуць, маўляў, перанясіце касцёл у іншае месца, пабудуйце яго на пустцы, вынесіце за МКАД. Але не ўсё так проста. У нас ёсць парафіі, і ў кожнай парафіі павінен быць свой храм. Акрамя таго, трэба разумець, што не мы выбралі месца будаўніцтва. мы звярнуліся да ўладаў з просьбай выдзеліць якое-небудзь месца".

Падрыхтоўка да будаўніцтва касцёла, паводле яго слоў, заняла каля пяці гадоў і суправаджалася фінансавымі выдаткамі. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што ўлады горада перадалі каталіцкаму касцёлу каля 14% сквера, сам храм заняў бы ўсяго каля 1,5%. Пры гэтым планавалася высечы 50 дрэў, а наўзамен было б пасаджана больш.

Ён таксама нагадаў, што цяпер працы ў Котаўцы прыпыненыя, і ўчорашнія заявы старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца пакуль "не даюць надзеі на далейшае будаўніцтва".

Кажучы пра тое, ці будзе каталіцкі касцёл дамагацца працягу будаўніцтва храма ў Котаўцы, Кандрусевіч сказаў, што ў першую чаргу хацеў бы пагаварыць з кіраўніком Мінска. "Я ўжо прашуся да яго на прыём. Пакуль ніякіх дакументаў мы не прымаем", — дадаў ён.

"Мы не хочам рэвалюцый, не жадаем падымаць народ, — заявіў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — З нашага боку ўсё было зроблена паводле закона. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі гэтай арганізацыі, шмат гаварылася пра кампраміс. Але іншы бок не прызнаў ніякага кампрамісу, акрамя пераносу будаўніцтва на іншае месца".

"Мы лічым, што гэты пераслед касцёла з боку "зялёных". Мы за экалогію, але ніякай экалогіі не будзе, калі няма экалогіі ў душы", — падсумаваў арцыбіскуп.

БелаПАН, 22 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/653/38081
Текущая дата: 16.11.2024