Белорусский портал в Казахстане

З пачатку года спецыялісты праграмы па бяспечным выездзе за мяжу "Ла Страда Беларусь" прынялі больш за 2,5 тыс. зваротаў



18 снежня адзначаецца Міжнародны дзень мігранта. У гэты дзень у 1990 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла Міжнародную канвенцыю аб абароне правоў усіх працоўных-мігрантаў і членаў іх сем`яў. З 2000 года гэта дата адзначаецца штогод.

З кожным годам патокі мігрантаў у свеце растуць. Паводле дадзеных дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН, у 2015 годзе колькасць мігрантаў дасягнула 244 мільёнаў.

З пачатку 2016 года кансультанты праграмы па бяспечным выездзе за мяжу "Ла Страда Беларусь" прынялі 2.554 звароты, паведамляе прэс-служба праграмы.

Спецыялісты праграмы "Ла Страда Беларусь" садзейнічаюць у бяспечнай міграцыі і дапамагаюць пацярпелым ад гандлю людзьмі. Па статыстыцы праграмы, геаграфічныя перавагі беларускіх грамадзян размяркоўваюцца наступным чынам: Расійская Федэрацыя — 10%, Польшча — 11%, Германія — 6%, Італія — 4%, Ізраіль — 3%. Характэрна, што 7% тых, хто звярнуўся да кансультантаў праграмы, яшчэ не вызначыліся з краінай уезду, але шукаюць для сябе магчымасці выезду за мяжу.

Працаўладкаванне за мяжой — прыярытэтная тэма кансультацый. Такіх запытаў — 33%. Патэнцыйных мігрантаў таксама цікавяць асаблівасці пашпартна-візавага рэжыму — 12%, сямейна-шлюбных адносін (у тым ліку заключэнне шлюбу і знаёмства з замежнікам) — 10%, іміграцыі — 6%, навучання за мяжой — 5%.

"На гэты момант павялічылася колькасць запытаў па працаўладкаванні ўрачоў, у прыватнасці ў Германіі, — адзначае кіраўнік інфалініі па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой праграмы "Ла Страда" Ірына Варваніна. — Расце колькасць пытанняў, звязаных з працаўладкаваннем у Ізраілі. Цікавіць абанентаў працэдура прыёму на працу, магчымасці і візавы рэжым у гэтай краіне".

Асаблівае месца ў працы праграмы "Ла Страда" займаюць складаныя і крызісныя сітуацыі за мяжой. Сярод агульнай колькасці зваротаў такіх 2%. У 34% выпадкаў пытанні, якія паступаюць на інфалінію, тычацца пошуку грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, 21% — страты, крадзяжу дакументаў за мяжой, 21% — парушэння працоўных правоў мігрантаў.

"Міграцыя заўсёды звязана з рызыкай, — адзначае кіраўнік праграмы "Ла Страда" Алена Несцярук. — Мігрант мала ведае пра законы чужой краіны, яе традыцыі. Адпраўляючыся на працу за мяжу, уважліва вывучыце працоўны кантракт. Паклапаціцеся пра сваю бяспеку: задайце ўсе пытанні, што цікавяць, да ад`езду".

З 2001 года на інфармацыйную тэлефонную лінію (кароткі нумар 113), электронную пошту consultation@lastrada.by і праз паслугу анлайн-кансультавання на сайце lastrada.by паступіла каля 27.355 зваротаў. Праца інфалініі 113 падтрымліваецца ў Беларусі дзвюма арганізацыямі: МГА "Гендарныя перспектывы" і ГА "Клуб дзелавых жанчын".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 18 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/654/38039
Текущая дата: 16.11.2024