Пра гэта паведаміла ў "Фэйсбуку" яго дачка Анастасія Ціхановіч.
Мінулай ноччу ў Мінску на 65-м годзе жыцця памёр эстрадны спявак народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч.
"Сёння ноччу не стала майго Таты... Мы дзякуем усім, хто на працягу яго дзіўнага жыццёвага шляху быў побач. Дзякуем усім, хто маліўся і падтрымліваў яго ў яго апошні і вельмі няпросты год. Я ведаю, што ён бы папрасіў падзякаваць усім вас за вашу любоў, якая была ўзаемнай. Чалавек-Любоў, мой самы блізкі, самы лепшы, самы любімы. Мой Тата. Памаліцеся за яго, каб яго дарога да Бога, якую ён шукаў і знайшоў, завяршылася Радаснай Сустрэчай. Тата, я люблю цябе, заўсёды. Царства табе Нябеснае, няхай Божачка прыме цябе ў Сваіх самых Светлых селішчах, дзе няма больш ні хваробы, ні смутку, але Жыццё і Любоў бясконцая", — напісала дачка спевака.
Аляксандр Ціхановіч нарадзіўся 13 ліпеня 1952 года. Скончыў духавое аддзяленне (труба) Беларускай кансерваторыі. З 1973 года быў удзельнікам папулярнага ВІА "Верасы". Удзельніцай ансамбля была і Ядвіга Паплаўская, якая стала пазней жонкай Ціхановіча.
У 1986 годзе Паплаўская і Ціхановіч пайшлі з "Верасоў", у 1987-м пачалі працаваць у толькі што арганізаваным Дзяржаўным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Пасля перамогі на конкурсе "Песня-88" Ціхановіч і Паплаўская стварылі дуэт.
Пазней Ціхановіч і Паплаўская арганізавалі прадзюсарскі цэнтр, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў, у тым ліку папулярны гурт "Ляпіс Трубяцкі". Доўгі час Аляксандр Ціхановіч займаўся адборам удзельнікаў Беларусі на "Еўрабачанне" ў праекце "Еўрафэст".
БелаПАН
Мінск, 28 студзеня 2017
Мінск, 28 студзеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/655/38550
Текущая дата: 27.12.2024