Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі маюць намер надаць імя Францыска Скарыны



Ідэю прысвоіць Нацыянальнай бібліятэцы імя ўсходнеславянскага першадрукара агучыў міністр культуры Барыс Святлоў.

Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі могуць надаць імя першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook намеснік дырэктара бібліятэкі Алесь Суша.

Надаць імя Скарыны раней прапаноўвалі Нацыянальнаму аэрапорту Мінск — гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася ў 2016 годзе, які быў абвешчаны Годам культуры.

У 2017-м Беларусь адзначыць 500-годдзе выдання Скарынай першай друкаванай кнігі на беларускай мове. Падчас сходу аргкамітэта святкавання юбілею міністр культуры Барыс Святлоў выступіў з ініцыятывай прысвоіць Нацыянальнай бібліятэцы імя першадрукара.

"Пытанне няпростае, і за ім стаіць вялікая праца і вялікая адказнасць. Міністэрства культуры валодае (у адпаведнасці з Кодэксам аб культуры) неабходнымі паўнамоцтвамі для прыняцця адпаведнага рашэння", — напісаў Суша.

Мяркуецца, што гэтую ідэю неўзабаве абмяркуюць, пасля чаго будуць прымаць канчатковае рашэнне.

Sputnik, 2 лютага 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/655/38568
Текущая дата: 27.12.2024