Белорусский портал в Казахстане

Каля Br5 трлн будзе выдзелена на дзяржпраграму "Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка" да 2020 года



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

На рэалізацыю праграмы "Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка" ў 2016-2020 гадах, зацверджанай пастановай Саўміна нумар 327 ад 21 красавіка, з розных крыніц плануецца накіраваць Br4,8 трлн.

"Фінансаванне дзяржпраграмы будзе ажыццяўляцца ў межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце, у тым ліку на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць, а таксама за кошт уласных сродкаў арганізацый - выканаўцаў дзяржаўнай праграмы і іншых крыніц", - адзначылі ў прэс-службе.

Праграма распрацавана з мэтай фарміравання сістэмы дзяржаўнага заказу для стварэння найбольш значных для Беларусі распрацовак і інавацыйных арганізацый па вытворчасці навукаёмістай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

Сярод асноўных задач праграмы - распрацоўка і асваенне новых відаў біятэхналагічнай прадукцыі і паслуг V і VI тэхналагічных укладаў, развіццё біятэхналагічнага сектара эканомікі ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі.

Прадугледжана таксама паскоранае тэхналагічнае развіццё айчынных галін на аснове стварэння і ўкаранення новых і высокіх тэхналогій для вытворчасці навукаёмістай канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Будзе ўмацоўвацца навукова-тэхнічны патэнцыял краіны ў галіне касмічнай дзейнасці, развівацца вытворчы сектар касмічнай галіны.

Праграма таксама ўключае распрацоўку і ўкараненне навукова-тэхнічных прапаноў аб аптымізацыі тэхналагічных працэсаў, што павышаюць ядзерную, радыяцыйную і экалагічную бяспеку, фізічную абарону і эфектыўнасць аб`ектаў атамнай энергетыкі.

Дзяржпраграма ў цэлым уключае дзевяць падпраграм:

"Інавацыйныя біятэхналогіі-2020",
"Асваенне ў вытворчасці новых і высокіх тэхналогій",
"Маніторынг палярных раёнаў Зямлі, стварэнне беларускай антарктычнай станцыі і забеспячэнне дзейнасці палярных экспедыцый",
"Мабілізацыя і рацыянальнае выкарыстанне генетычных рэсурсаў раслін нацыянальнага банка для селекцыі, абагачэння культурнай і прыроднай флоры Беларусі",
"Развіццё дзяржаўнай навуковай установы "Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі",
"Навуковае суправаджэнне развіцця атамнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь",
"Даследаванне і выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах",
"Імпартазамяшчальныя дыягностыкумы і біяпрэпараты-2020",
"Хімічныя сродкі аховы раслін".

Згодна з пастановай нумар 327, адказным заказчыкам дзяржпраграмы вызначана Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

29 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/657/35370
Текущая дата: 01.06.2024