Белорусский портал в Казахстане

Вось і запрашай такога ў госці…



Скандальны вядучы расійскага тэлеканала РТР Уладзімір САЛАЎЁЎ, як толькі з’ехаў з Мінска, стаў абвінавачваць беларускія спецслужбы і арганізатараў яго выступлення ў Палацы Рэспублікі ў спробах сарваць мерапрыемства.

Пра гэта Уладзімір Салаўёў заявіў у эфіры маскоўскай радыёстанцыі “Вести ФМ”.

Нагадаем: творчы вечар гэтага шоу-прапагандыста адбыўся 25 лістапада. За гадзіну да пачатку “спектакля” ля Палаца сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек з плакатамі і нацыянальнымі сцягамі. Самыя актыўныя, у асноўным гэта былі сябры “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі), раздавалі дыскі з інфармацыяй пра шоўмена. Яны даводзілі людзям, што чалавек, які ў з’едлівай форме крытыкуе Захад і ў той жа час мае дарагую вілу ў Іспаніі і даволі часта там адпачывае, крывадушнічае, лье ваду на  млын маскоўскіх імперцаў.

Маладыя людзі час ад часу скандзіравалі: “Чамадан! Вакзал! Расія!”, “Расія – гэта вайна”. Чаму час ад часу? Таму, што некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў АМАПа ў цывільным перыядычна спрабавалі схапіць таго ці іншага ўдзельніка акцыі, вырваць з рук сцяг. У такой сітуацыі людзям даводзілася адбівацца ад рук АМАПаўцаў і перамяшчацца з месца на месца.

Лідару “Маладога фронту” Зміцеру Дашкевічу дасталося і па твары, і па галаве, і па нагах. Карацей, усё было як звычайна на акцыях. Неўзабаве на ганку ў атачэнні аховы з’явіўся сам Уладзімір Салаўёў. “Ой, а гэтыя людзі ў курсе, што гэты лозунг “Чамадан. Вакзал. Расія” насамрэч належыць Жырыноўскаму? Яны што – ЛДПРаўцы? Не?! Гэта дзіўна”. На просьбу маладой журналісткі Кацярыны Андрэевай пракаментаваць яго стаўленне да гэтай акцыі, Салаўёў адказаў пытаннем: “А вы, дзяўчына, хто па нацыянальнасці? Ну хто? Вось я, напрыклад, яўрэй. А вы? Вы беларуска? Хто?! Беларуская журналістка? Не, вы беларуска ці хто?” У адказ: “Слухайце, вы нармальны? Вы другі раз за дзень мяне абражаеце. Я яўрэйка, калі вам цікава”.

На заўвагі калег Андрэевай, што трэба было б папрасіць прабачэння перад дзяўчынай, Салаўёў адрэагаваў з істэрычнымі нотамі ў голасе: “Ой, скажыце, калі ласка, абразілі дзяўчыну!”. А яшчэ крыху пазней ён раптам пачаў выкрыкваць: “А дзе тая дзяўчына, якая саромеецца свайго яўрэйства?” Усе адказы адыёзнага Салаўёва звяліся чамусьці да яго нацыянальнасці. На пытанне “Які сэнс вы ўкладаеце ў паняцце “русский мир?” Салаўёў адказаў: “Русский мир” – гэта культура. А я яўрэй. Зразумела?”

Шчыра кажучы, задаваць іншыя пытанні папросту расхацелася. Хаця шмат хто з журналістаў хацеў спытаць пра змяненне рыторыкі ў дачыненні да Беларусі. Апошнім часам на расійскіх каналах прайшлі некалькі крытычных сюжэтаў, у якіх негатыўна асвятлялася беларуская гісторыя.

У канцэртнай зале было шмат вольных месцаў. Пасля прыезду ў Маскву Уладзімір Салаўёў даволі своеасабліва патлумачыў адсутнасць цікавасці да ягонай персоны: “За тры дні на трох з чатырох інтэрнэт-сайтах, якія займаюцца продажамі, раптам напісана, што білеты купіць нельга. У апошні дзень пачынаецца актыўнае вяртанне білетаў. Забаўныя рэчы. Людзі пыталіся лішні білецік, а арганізацыя палаца зрабіла ўсё магчымае, каб білеты немагчыма было купіць. Што хацелі сказаць?”

Намеснік кіраўніка аддзела дзяржаўных і спецыяльных культурна-відовішчных мерапрыемстваў Палаца Рэспублікі Ірына Арцімовіч патлумачыла:

– Мы – камерцыйнае прадпрыемства, і мы самі будзем наносіць сабе ўрон? Ну, пакуль жа мы яшчэ не стацілі здаровы сэнс. Мы на такія абвінавачанні нават не будзем рэагаваць. Мы зацікаўлены, каб прадаць як мага больш квіткоў. Ніякага распаўсюджвання квіткоў не было. Гэта ж камерцыйны праект. Распаўсюджванне квіткоў можа сабе дазволіць толькі Мінгарвыканкам, калі, напрыклад, праводзяцца Дні культуры. Вось на Дні Санкт-Пецярбурга яны распаўсюджвалі квіткі. Ганарар Салаўёву мы заплацілі ў поўным аб’ёме – столькі, колькі ён заявіў. Суму, натуральна, я назваць не магу. Падаткі вылічылі, далі даведку, што ўтрымалі падатак на нашай тэрыторыі. Тое, што ён цяпер кажа, – звычайны папулізм. Яму, відаць, гэта падабаецца. Калі б гэта пагражала нам фінансава, то тады мы прад’явілі б яму прэтэнзіі. А так… Сабака брэша, караван ідзе.

– Можа, Салаўёў разлічваў, што будзе значна больш ахвотных прыйсці на сустрэчу з ім?

– Мы таксама думалі, што прададзім большую колькасць квіткоў. Колькі прадалі, столькі прадалі. Немагчыма такое, каб чалавек набываў квіток праз інтэрнэт і, калі яны былі ў наяўнасці, то не змог яго набыць. У касе касірка адзінае што можа зрабіць, дык клікнуць мышкай не туды і паказаць, што квіткоў няма. Але навошта? Тэарэтычна нехта мог забраніраваць вялікую колькасць. Але тады гэта планавая акцыя, але гэтага ж не было.

– Ну, на Познера ж у свой час прыйшло значна больш народу.

– Ну!.. Тады была крыху іншая сітуацыя. А цяпер кошт квіткоў такі ж, а заробкі іншыя. Сёння ў пятнічны вечар людзям хочацца глядзець забаўляльныя шоу, а не напружваць свае мазгі.

– Салаўёў кажа, што людзі здавалі квіткі.

– Прымусіць чалавека здаць квіток немагчыма. Але даволі часта здаюць квіткі ў касу. Жыццёвыя абставіны – нехта захварэў, трэба ісці ў госці, перадумаў ці яшчэ нешта. З касірам учора размаўлялі на гэты конт, і яна сказала, што гэта звычайная справа.

Спадар Салаўёў паскардзіўся не толькі на арганізатараў мерапрыемства. Ён абвінаваціў беларускія спецслужбы ў тым, што яны за ім увесь час сачылі. “Куды ні пайду – адчуваю, што не адзін. Увесь час яшчэ вельмі інтэлігентныя людзі. Вельмі добры кіроўца, вельмі ветлівы, усё расказвае, усё ў яго добра – але з пінжака пагоны проста праступаюць. Усё міла, але ніхто не спрабуе сказаць лішняга. Усе, калі нешта кажуць, адразу да “мікрафона” паварочваюцца ў любым памяшканні”, – сказаў у эфіры расійскі вядучы.

На гэтым фоне не дзіўна, што беларускіх журналістаў недзяржаўных выданняў і апазіцыянераў сп.Салаўёў увогуле назваў пачварамі. Ці не заслугоўвае гэтага слова ён сам?

Цяпер зразумела, што ваяж расійскага прапагандыста ў беларускую сталіцу быў абумоўлены не толькі камерцыйнымі інтарэсамі. Ён меў шэраг сустрэч, але нам нічога невядома пра іх мэту. Магчыма, ён разлічваў на больш цёплы прыём. Можа, ён не ў курсе, што яго аўтарскія праграмы “Поединок” и “Воскресный вечер с Владимиром Соловьевым” выклікаюць неадназначную рэакцыю ў тэлегледачоў. Адны абураюцца тым, што вядучы і заўсёднікі яго праграм не даюць выказацца апанентам, даволі часта абражаюць запрошаных гасцей, часам не абыходзіцца і без рукапрыкладства. Прынамсі гледачы бачылі напад на ўкраінскага палітолага Вячаслава Коўтуна. Другія лічаць, што Салаўёў самы адукаваны ідэолаг так званага “русского мира” і ў сённяшніх расійскіх рэаліях мае права на эфірны час.

Запрашэнне ў Беларусь расійскага, скажам прама, тэлекілера Салаўёва было ўзгоднена з ідэалагічным упраўленнем Мінгарвыканкама. Відаць, там не падумалі, што нехта здолее зладзіць акцыю на прыступках Палаца. У той дзень абышлося без затрыманняў і складання пратаколаў. Праўда, цяперашняя практыка сведчыць, што пратаколы могуць скласці і ў іншы дзень. Быў бы адпаведны загад.

У нядзелю ўначы беларускім гледачам расійскі тэлеканал прапанаваў чарговае шоу “Воскресный вечер с Владимиром Соловьевым”. Гэтым разам тэмай дыскусіі была асоба нябожчыка Фідэля Кастра. Жырыноўскі ды іншыя ўдзельнікі “дыскусіі” на поўным сур’ёзе вырашалі, ці патрэбна ім Куба. Сапраўды хвалюючае для Расіі пытанне!

Аўтар: Любоў Лунёва
Народная Воля, 2 декабря 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/657/37849
Текущая дата: 16.11.2024