Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальны мастацкі музей прэзентаваў аўдыягіды для інвалідаў па зроку



У Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя аўдыягідаў для інвалідаў па зроку.

Як паведамілі ў музеі, прэзентацыя прайшла ў рамках сумеснага беларуска-польскага праекта "Развіццё тэхнік прыстасавання інфармацыі і мастацтва да патрэб невідушчых і глухіх. Аудыядэскрыпцыя для невідушчых людзей у музеях, тэатрах і іншых установах культуры".

Аўдыягід апісвае 25 твораў у пастаяннай экспазіцыі беларускага мастацтва НММ. У праекце апісання твораў узялі ўдзел сем валанцёраў, сярод якіх супрацоўнікі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і іншых арганізацый, якія прайшлі навучанне ў польскіх калег, а таксама пяць супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея.

Праект быў створаны і часткова аплачаны варшаўскім фондам Нuman Doc пры фінансавым удзеле Міністэрства замежных спраў Польшчы і НММ.

Як паведамілі ў прэс-службе музея, першы прафесійны музейны вопыт у Беларусі ў галіне інклюзіі — падключэння да музейнай прасторы сляпых і са слабым зрокам людзей — быў атрыманы ў 2014 годзе, калі ў экспазіцыі НММ з`явіліся тактыльныя скульптуры і карціны, створаныя навукова-творчай групай "Мівія". Гэты праект стаў адным з прызёраў III Нацыянальнага музейнага форуму.

У 2016 годзе, у Год культуры і Год міласэрнасці, яшчэ 25 твораў музея стануць даступнымі для невідушчых людзей.

"Такім чынам наш музей услед за шматлікімі перадавымі еўрапейскімі музеямі становіцца ўсё больш даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Нацыянальны мастацкі музей ставіць сваёй мэтай працягваць штогод рабіць даступнымі дзясяткі твораў пастаянных экспазіцый і іншых музейных выставачных прастор".

Наступная задача музея — стварэнне аўдыягідаў для дзяцей са слабым зрокам і планшэтных аўдыягідаў для людзей з парушэннямі слыху.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 2 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/657/37866
Текущая дата: 16.11.2024