Белорусский портал в Казахстане

Казылык, кыстыбый і чак-чак: башкірскі гастрафэст праходзіць у Мінску



Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць міжнародны форум "Беларусь – Башкортастан". Акрамя шчыльнага дзелавога парадку дня, мерапрыемства прадугледжвае насычаную гастранамічную праграму.

Стройныя рады са смачнай выпечкай, наварыстым пловам і рознымі далікатэсамі размясціліся ў самым сэрцы беларускай сталіцы – на плошчы каля Мінскай ратушы.

Людзі ў нацыянальных башкірскіх строях бясплатна частуюць прахожых смажаным на вогнішчы баранчыкам і стравай пад назвай кыстыбый. Гэта аладка з прэснага цеста, якая начыняецца бульбяным пюрэ, тварагом, прасяной кашай і ўсім, што трапіцца пад руку.

Самы вялікі кыстыбый дыяметрам 2 м 10 см прыгатавалі ў 2011 годзе ў Башкортастане. У Мінску гэты рэкорд маглі папросту пабіць (улічваючы немаленькія памеры патэльні, на якой гатуюць страву), але не сталі.

Башкірскі плоў, медавуху са спецыямі, чак-чак рыхтуюць прама на месцы. Яшчэ ў арсенале башкірскіх вытворцаў – казылык, бешбармак, вяленая гусь, баурсак, мёд, буза, чай, кумыс, футры, сувеніры і шматлікае-многае іншае.

Гастрафэст каля ратушы пройдзе па 10 лютага ўключна. Апрача насычанай гастранамічнай праграмы, башкіры падрыхтавалі і культурную. Наведаць фестываль можна будзе з 11:30 да 20:00 у пятніцу і з 13:00 да 20:00 у суботу.

Sputnik, 9 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/66/72540
Текущая дата: 29.12.2024