Белорусский портал в Казахстане

На 59-м годзе жыцця памёр даследчык сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, пісьменнік, гісторык Леанід Маракоў



Пра смерць Маракова паведаміла ў "Фэйсбуку" грамадская актывістка Наталля Саматыя. Прычынай смерці стала анкалагічнае захворванне (пухліна галаўнога мозгу).

Раніцай 17 снежня памёр Леанід Маракоў — пісьменнік, гісторык, энцыклапедыст, вядомы сваімі даследаваннямі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. 

Леанід Уладзіміравіч Маракоў нарадзіўся 15 красавіка 1958 года ў Мінску. У 1986 годзе скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў інжынерам-наладчыкам на заводзе ЭВМ, у АН БССР. У пачатку 1990-х гадоў змяніў род заняткаў, імпартаваў побытавую і прафесійную радыёэлектроніку. Шмат падарожнічаў па Поўначы, Сібіры, Казахстане, Далёкім Усходзе, па Заходняй Еўропе і ААЭ, быў паспяховым бізнесменам.

У сярэдзіне 1990-х гадоў рэзка змяніў від дзейнасці, звярнуўшыся да пошукаў звестак пра свайго расстралянага бальшавікамі дзядзьку, вучня народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, паэта 1930-х гадоў Валерыя Маракова. Расследаванне біяграфіі паэта, а таксама іншых рэпрэсаваных сваякоў перайшло ў даследаванне гісторыі ўсіх пацярпелых у гады кіравання Сталіна дзеячаў культуры і грамадскасці Беларусі. Гэта стала магчымым дзякуючы атрыманню кароткачасовага доступу да сакрэтных архіваў КДБ Беларусі.

Маракоў — аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах (15 кнігах, 9 з якіх на пачатак 2008 года ўбачылі свет) "Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991", у якім прыводзяцца біяграфіі больш чым 20.000 расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлагерах (ГУЛАГу) дзеячаў беларускай культуры.

БелаПАН
Мінск, 17 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/662/38022
Текущая дата: 26.12.2024